5—8 красавіка з візітам у Саюзе М'янма знаходзіцца беларуская дэлегацыя пад кіраўніцтвам першага намесніка старшыні Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Рамана Галоўчанкі.

Як паведаміў прадстаўнік Дзяржкамваенпрама па інфармацыі і сувязях з грамадскасцю Уладзімір Лаўранюк, у Найп'іда адбылося другое пасяджэнне сумеснай беларуска-м'янмскай камісіі па ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве. Бакі падвялі вынікі выканання дамоўленасцей, дасягнутых у Мінску ў чэрвені 2009 года, і абмеркавалі перспектыўныя праекты супрацоўніцтва, парадак і ўмовы іх рэалізацыі ў мэтах падрыхтоўкі да заключэння новых кантрактаў.

Паводле слоў Лаўранюка, сёння немалаважным у забеспячэнні высокай канкурэнтаздольнасці прадукцыі беларускай абароннай галіны з'яўляецца ўсебаковы ўлік пажаданняў замоўцы, індывідуальны падыход да кожнага кантракта.

«М'янма — адна з тых краін, з якімі Беларусь апошнімі гадамі ўстанавіла ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва. І хаця доля валютных паступленняў ад экспартных кантрактаў з гэтай дзяржавай пакуль нязначная, ёсць пэўныя перспектывы развіцця супрацоўніцтва ў ваенна-тэхнічнай сферы», — сказаў прадстаўнік Дзяржкамваенпрама.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?