У ролі Радзівіла Пане Каханку - Расціслаў Янкоўскі, фота з генеральнай рэпетыцыі.

Некалькі дзён таму я атрымаў ліст ад сябра, які жыве за мяжой: «Дарагі Вячаслаў! Зьбіраюся прыехаць у Менск на дні два‑тры. Як звычайна, хацеў бы пачуць тваёй парады, што можна было б паглядзець з навінак у тэатрах? Ці ты ўжо паглядзеў апошнюю прэм’еру ў Нацыянальным Рускім тэатры ‑‑ «Пане Каханку»? Ці варты ўвагі гэты спэктакль? Што скажаш, тэатральны крытык? Твой А.»

І вось што я яму адпісаў.

Дарагі А!

Натуральна, я ня мог не паглядзець гэты спэктакль. Найперш зь цікавасьці да эксцэнтрычнай асобы багатага і моцнага магната, якому спэктакль і прысьвячаецца. Менавіта Караль Станіслаў Радзівіл, ён жа Пане Каханку, мае ўсе гістарычныя і літаратурныя падставы для сцэнічнай міталягізацыі. Мы з табой ня раз гаварылі, што ўжо пара зрабіць зь яго ліцьвінскага (беларускага) Мюнхгаўзэна. Таксама ты разумееш, што маладыя творцы — драматург Андрэй Курэйчык і рэжысэр Сяргей Кавальчык — браліся за справу не на голым месцы, бо за 20 гадоў беларускай незалежнасьці гісторыкі і літаратары апублікавалі шмат ведаў пра Пане Каханку.

Адразу скажу: з майго гледзішча, першая спроба сцэнічнай міталягізацыі Пане Каханку не атрымалася. Чаму? Як гэта ні прагучыць дзіўна, але адказ на гэтае пытаньне зьмешчаны на тытуле тэатральнай праграмкі

— «мастацкая прыдумка ў 2‑х дзеях».

Тэатар мае права на мастацкую прыдумку. Гэта ісьціна. А я ўвогуле не прызнаю тэатар без мастацкай прыдумкі. Што тычыцца гэтага спэктакля, то чым яе было б болей (аж да фантасмагорыі ці абсурду), тым было б лепей. Абы працавала на цэнтральны пэрсанаж ў межах сюжэту і ў парамэтрах дакладна вызначанага жанру.

Толькі вось разуменьне мастацкай прыдумкі ў драматурга Курэйчыка іншае. Уражаньне, што яму Пане Каханку і іншыя Радзівілы спатрэбіліся толькі як дапаможныя фігуры для таго, каб прыдумаць алегарычную п’есу пра сучасную Беларусь. Фабула просьценькая: збанкрутаваны апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі прыніжана, аж да шантажу, выпрошвае пазыку (крэдыт?) у багацея Радзівіла, каб уратаваць дзяржаву ва ўмовах акупацыйных памкненьняў суседняй Расеі і эканамічнага крызісу.

З вуснаў Пане Каханку, як ад вядоўцаў БТ апошніх дзён, мы пачуем і што беларуская мова «гэта — язык, а не наречие» і пра тое, што «польскія дваране, ліцьвіны ніколі ня будуць у рабстве ў рускага мядзьведзя», і што «мы хочам быць самімі сабой, а не будаваць імпэрыі ад мора да мора для некага! Таму што нам напляваць на ўсе гэтыя імпэрыі». І справа нават ня ў тым, што такі «сьмелы» патас сёньня ўжо ня болей, як банальнасьць.

Справа ў іншым.

Як бы ні хацеў Курэйчык адбіцца ад гістарызму, яму гэта не ўдаецца і не магло ўдацца. Бо імёны і біяграфіі асобаў Радзівілаў і Панятоўскага маюць свой гістарычны і сацыяльны шлейф
.

Мала таго, што Радзівіл гаворыць тое, што ніяк ня мог бы гаварыць, дык ён яшчэ і гаворыць мовай сучаснай расейскай вуліцы. І не застаецца Пане Каханку месца ні для фантазіі, ні для гульні. Ён мусіць мітынгаваць ці філязофстваваць.

Мяркую, што пастаноўшчык Сяргей Кавальчык разумеў, што трапляе ў пастку, а таму і падстрахаваўся ад крытыкі за адсутнасьць гістарызму ўсё той жа «мастацкай прыдумкай», замяняючы ім жанравае вызначэньне. Адбылася падмена паняцьцяў, вынікам — эклектыка. Клаўнада перамяшалася з фарсам, драма з вадэвілем… Пры адсутнасьці жанравай дамінанты спэктакль ператварыўся ў набор інтэрмэдыяў.

А што ж беларускі «Мюнхгаўзэн»? — запытаесься ты.

Прафэсіяналізм народнага артыста Расьціслава Янкоўскага безумоўны.

Але тут я лічу памылковым ягонае прызначэньне на ролю Пане Каханку. Хоць бы з гледзішча ўзроставай неадпаведнасьці.

Пяцідзесяцігадовы ўсемагутны магнат і фантазёр, поўны сілаў і прагі да жыцьця, гульні, у выкананьні васьмідзесяцігадовага Расьціслава Янкоўскага ператварыўся ў бальшыні сцэн у быліннага сівабародага старца. У іншых эпізодах — у доктара Фаўстуса, які спрабуе асэнсаваць сусьвет. І зусім недарэчным, зьдзяцінелым выглядае ён, калі пачынае бузіць ці заляцацца да маладзенькай акторкі прыдворнага тэатру. А калі мітынгуе, яму тым болей ня верыш, бо цяжка абстрагавацца ад самой асобы знанага актора і чалавека публічнага, які з трыбунаў прамаўляе зусім іншае і пра ўладу, і пра Расею і пра ўсё астатняе, што напрыдумляў Курэйчык.

І губляецца ўвесь сэнс, калі Пане Каханку ператвараецца ў садыста, гвалтам навучаючы сялянаў лётаць, а Тэафілія Радзівіл (Бэла Масумян) пераконвае,

«што хутчэй певень паляціць, чым гэтыя людзі! Гэта ж беларусы…» Вось так нечакана і зьдзекліва пачне гучаць тэма беларусаў,

якія «далей свайго носа нічога ня бачаць» і якім «задніцу падняць, пайсьці куды‑небудзь, ‑‑ гэта ўжо дасягненьне». З «высокага штылю» на мову сучаснага кірмашу… Зрэшты, толькі з такім сэнсам у спэктаклі і ўжываецца слова «беларус», якога ўвогуле не існавала ў тую эпоху. Ужо не мастацкая, а проста прыдумка.

Галерэя недарэчных, апэрэтачных пэрсанажаў працягваецца Станіславам Аўгустам Панятоўскім (Аляксандар Суцкавер), які дажыўся да таго, што ня мае нават зьменных портак, і слынным кампазытарам, героем антырасейскага змаганьня Мацеем Радзівілам (Іван Трус), які ў касьцюме блазна разыгрывае клаўнады.

Недарэчная і моўная структура спэктакля.

Чаму магнаты і кароль гавораць на акупацыйнай для іх расейскай мове (падзеі адбываюцца пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай) — бо тэатар рускі? А чаму прасталюдзіны пераходзяць на беларускую?..

Нават калі ты захочаш памаладзець на гадоў трыццаць (вярнуцца ў наша тэатральнае юнацтва), ня ўпэўнены, ці варта хадзіць на «Пане Каханку» — хоць і п’еса з тых, якія мы называлі тады кукішам у кішэні, і рознакаляровы дым пускаюць, і буфэт працуе, праўда, бязь піва.

Але ж калі кішэня рваная і ў ёй апроч кукіша амаль нічога няма, дык бачыш адно дуліну. Шчыра — Вячаслаў Ракіцкі.

іншы погляд: нашаніўская рэцэнзія на «Пане Каханку»

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Каментатар / Адказаць
13.09.1982 / 04:59
Як кажуць палякі, niezle. А яшчэ я б раіў НН павесіць на сайце рэцэнзію Глеба Лабадзенкі, выдрукаваную ў "Звяздзе".
0
Каментатар / Адказаць
22.04.2016 / 17:32
Як казау Кiса: "Дааа уж!" Расейскi культур-мультур. Не так дауно па расейскаму яшчыку iшоу нейкi фильм пра Кауказ i Лермантава. Дык там яны увогуле на "фене" "обшчались" кажучы адзiн другому: "Ты че чувак гошишь?". Лепей бы ужо не чапалi нашыя творы, дык пэуна идеолухи загадалi.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру