Радаслаў Сікорскі, wyborcza.pl

Радаслаў Сікорскі, wyborcza.pl

Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі чарговым разам заклікаў беларускія ўлады да правядзення «сістэмных зменаў у сферы дэмакратыі і правоў чалавека».

«З павагай і добразычлівасцю мы назіраем за станаўленнем беларускай дзяржаўнасці», — сказаў Сікорскі, выступаючы 8 красавіка ў польскім сейме.

«Але ў постсавецкіх рэаліях незалежнасць не можа ўмацавацца без прасоўвання дэмакратыі. Дэкларуючы волю да шырокага ўзаемадзеяння з Беларуссю,

мы нязменна падштурхоўваем беларускія ўлады да ажыццяўлення сістэмных зменаў», — заявіў міністр.

Паводле слоў Сікорскага, такія змены «павінны ахопліваць, зыходзячы з прынцыпаў дэмакратыі і правоў чалавека, у тым ліку права на правядзенне свабодных сходаў, што асабліва тычыцца польскай меншасці ў Беларусі».

«Чаго мы і патрабуем», — падкрэсліў кіраўнік МЗС.

***

Нагадаем, у 2005 годзе ў грамадскім аб’яднанні «Саюз палякаў на Беларусі» (СПБ) адбыўся раскол. З таго часу ў краіне існуюць два Саюзы палякаў — афіцыйны, зарэгістраваны Міністэрствам юстыцыі Беларусі, і неафіцыйны, які падтрымліваюць улады Польшчы.

У пачатку 2010 года канфлікт паміж прадстаўнікамі СПБ абвастрыўся з‑за права ўласнасці на Дом польскі ў пасёлку Івянец Валожынскага раёна. 17 лютага суд Валожынскага раёна прыняў рашэнне на карысць зарэгістраванай структуры СПБ.

15 і 17 лютага дзесяткі актывістаў неафіцыйнага СПБ былі затрыманы міліцыяй за правядзенне несанкцыянаваных акцый пратэсту, а кіраўнікі арганізацыі паўсталі перад судом. Гэтыя дзеянні выклікалі асуджэнне афіцыйнай Варшавы і Еўрасаюза.

25 лютага адбылася сустрэча Радаслава Сікорскага з Аляксандрам Лукашэнкам. На ёй было прынята рашэнне аб стварэнні двухбаковай камісіі па ўрэгуляванні канфлікту вакол СПБ.

Першае пасяджэнне камісіі прайшло ў Мінску 19 сакавіка. У ім узялі ўдзел толькі чыноўнікі дзвюх краін, прадстаўнікоў грамадскасці на пасяджэнне не запрасілі.

Каментуючы вынікі, прэс‑сакратар апарату ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Беларусі Міхаіл Рыбакоў заявіў, што ўдзельнікі сустрэчы «выказалі задавальненне пазіцыямі бакоў і намер працягваць дыялог». Тэрміны чарговага пасяджэння камісіі павінны быць узгоднены знешнепалітычнымі ведамствамі Беларусі і Польшчы. Рыбакоў падкрэсліў: беларускі бок застаецца на сваіх ранейшых пазіцыях неўмяшання дзяржавы ў сітуацыю ўнутры Саюза палякаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?