Пра гэта заявіў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы сёння на алімпійскім сходзе.

«Скажу шчыра: мяне непакоіць, што пры такой увазе да спорту ў краіне, пры ўзрастаючых укладаннях фінансавых сродкаў у гэту галіну, часам нават на шкоду іншым, мы не атрымліваем адпаведнай аддачы», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Але ж кожны бюджэтны рубель, які мы ўкладваем у спорт, асабліва ў цяперашніх умовах, даецца вельмі няпроста. І ён павінен працаваць на імідж краіны, на тое, каб перамогі нашых спартсменаў рабілі Беларусь больш вядомай і аўтарытэтнай у свеце, каб узнімалі, у рэшце рэшт, дух нашага народа, з’ядноўвалі нацыю пачуццём гордасці, калі на міжнародных спаборніцтвах гучыць беларускі гімн і ўзнімаецца наш сцяг», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

На працягу апошніх 16 гадоў на зімовых і летніх алімпіядах Беларусь стабільна ўваходзіць у лік 20 мацнейшых дзяржаў. Аднак прэзідэнт лічыць, што гэтага недастаткова:

«Прагрэсу ж няма, у дзясятку ўвайсці ніяк не можам. Але ж тое, што было добра ўчора, сёння нас не можа задавольваць».

У якасці прыкладу ўсё большых поспехаў у вялікім спорце Аляксандр Лукашэнка прывёў Кітай, які ўсяго за некалькі гадоў дабіўся значных рэзультатаў. «Цудоўна разумею, што з кожным годам канкурэнцыя ў сусветным спорце становіцца мацнейшай, медалі заваёўваць усё больш складана. Атрымліваецца, што нашы канкурэнты развіваюцца, а мы стаім на месцы.

Па асобных відах спорту ганебна страцілі лідэрскія пазіцыі. Гэта, у прыватнасці, і канькабежны спорт, і лыжныя гонкі»,

— адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што тут справа не ў медалях і месцах. У многіх беларускіх спартсменаў не бачна імкнення да перамогі, жадання адстаяць гонар краіны і даказаць моц беларускага спорту. Лукашэнка згадаў выступленне беларускіх хакеістаў на Алімпіядзе ў Ванкуверы, дзе, на яго думку, каманда не мела свайго стылю гульні і не праявіла неабходных байцоўскіх якасцяў.

«Надышоў час патрабаваць на вынік, за патрачаныя сродкі, за падманутыя надзеі заўзятараў», — падкрэсліў беларускі лідэр.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў апошнія гады алімпійскі рух у краіне развіваецца дынамічна, спорту надаецца вялікае значэнне ў грамадстве і дзяржаве, ствараюцца спрыяльныя ўмовы як у сталіцы, так і ў рэгіёнах. Акрамя таго, практыка работы НАК рэкамендавана Міжнародным алімпійскім камітэтам для ўкаранення ў іншых краінах, што сведчыць аб пэўных поспехах Беларусі.

На алімпійскім сходзе, акрамя разгляду арганізацыйных пытанняў, будуць падведзены вынікі выступлення беларускіх спартсменаў на апошніх летніх і зімовых алімпіядах, пастаўлены задачы па забеспячэнню паспяховага выступлення на ХХХ летніх Алімпійскіх гульнях у Лондане, усебакова прааналізавана эфектыўнасць дзейнасці тых арганізацый, ад якіх залежаць вынікі выступленняў спартсменаў на алімпіядах.

Асаблівая ўвага будзе ўдзелена пытанням падрыхтоўкі спартыўнага рэзерву. «Мы павінны вызначыцца, як будзем выпраўляць негатыўную сітуацыю ў тых летніх і зімовых алімпійскіх відах спорту, прадстаўнікі якіх нездавальняюча выступілі на Алімпійскіх гульнях. Што неабходна зрабіць для таго,

каб у Лондане і Сочы значна перасягнуць вынікі, дасягнутыя ў Пекіне і Ванкуверы», — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да ўдзельнікаў сходу.

Ён таксама дадаў, што чакае, што сённяшняе абмеркаванне і аналіз сітуацыі ў беларускім спорце стануць пачаткам эфектыўнага вырашэння ўсіх існуючых тут праблем.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?