Вайсковы аэрадром ў Смаленску знаходзіцца на паўночнай акраіне горада, адразу на выездзе ў кірунку трасы Мінск-Масква. У савецкія часы на аэрадроме і ў ваколіцах віравала жыццё, а сёння ён аточаны спальнымі мікрараёнамі і прамзонай.
Аб былых часах нагадваюць толькі шэрагі састарэлых самалётаў, што віднеюцца з-за агароджы.

Днём 10 красавіка праз крушэнне самалёта Леха Качыньскага, усе пад’езды да аэрадрома былі закрытыя. З кожнага кірунку дарога была перакрытая адразу некалькімі пастамі ДПС і міліцыі. Прапускалі толькі машыны спецслужбаў, вайскоўцаў, МНС, міліцыі і журналістаў. Апошніх, што праўда, падпускалі да месца катастрофы намінальна – блізка падысці да яго было немагчыма. Толькі ў тым месцы, дзе самалёт прэзідэнта Польшчы зачапіў верхавіны дрэваў, можна было падысці да вялікага фрагменту крыла, які адламаўся пры кантакце з лініяй электраперадач. У гэтым месцы сабраліся відавочцы падзей, якія ахвотна апавядалі журналістам аб падзеях раніцы 10 красавіка.

Фота Юліі Дарашкевіч

Фота Юліі Дарашкевіч

Паводле іх словаў, каля 11-й гадзіны па смаленскім часе, над аэрадромам з’явіўся бела-чырвоны пасажырскі самалёт. Ён зрабіў некалькі кругоў над ім, перыядычна хаваючыся ў густым тумане, затым зрабіў спробу знізіцца, а на падлёце да пасадачнай паласы раптам накрэніўся і зачапіў крылом галіны дрэваў. Пасля гэтага самалёт яшчэ праляцеў каля 150-ці метраў і ўпаў за агароджай аэрадрома, непадалёк ад узлётнай паласы. Катастрофа магла скончыцца яшчэ больш крывава – самалёт упаў усяго ў сотні метраў ад паліўнай станцыі, аўтасалона і гатэля.

«Мы дакладна не ведаем, хто там ляцеў, што гэта быў за самалёт. Па тэлевізары кажуць, што прэзідэнт Польшчы нібыта разбіўся тут», — адказвалі жыхары Смаленска на пытанні журналістаў. Апошнія ведалі не нашмат больш.
Адзінай афіцыйнай крыніцай інфармацыі быў прэс-сакратар смаленскага губернатара, які знаходзіўся ля бліжэйшага да месца катастрофы ўезду на аэрадром. Аднак ён толькі і мог, што паўтараць: «Пакуль нічога невядома. Чакайце на новую інфармацыю». Пры гэтым нават не даставаў цыгарэты з зубоў.

А на аэрадром тым часам заязджалі вайсковыя грузавікі, даверху нагружаныя трунамі, фургоны МНС, міліцэйскія легкавікі і лімузіны чыноўнікаў. Шматлікія журналісты адно праводзілі іх вачамі. З таго месца, дзе дазволілі знаходзіцца прадстаўнікам СМІ, можна было толькі здалёк разгледзець, што адбываецца на месцы авіякатастрофы. Там расстаўлялі асвятляльныя прыборы і збіралі часткі самалёта.

За агароджу без пярэчанняў пусцілі адно здымачную групу Першага канала расійскага тэлебачання – на смаленскі аэрадром прыбыў У.Пуцін. Польскім журналістам давялося чакаць прыезду Дональда Туска. Увогуле прадстаўнікі польскіх СМІ выглядалі надзвычай разгублена. Большасць з іх ехала на ўрачыстасці ў Катыні, а трапіла на зусім іншую падзею. Звыклых усмешак на тварах польскіх журналістаў не было. Чаго не скажаш аб расійскіх міліцыянтах…

Такое стаўленне можна зразумець. Што ў Расіі, што ў Беларусі да ўлады і чыноўнікаў самага высокага рангу не прынята ставіцца з павагай. Уладу прынята баяцца. У Польшчы іначай. На месцы трагедыі давялося пачуць ад палякаў, што яны не могуць паверыць ў тое, што адбылося. Не могуць паверыць, што краіна засталася амаль без кіраўніцтва. 10 красавіка на ўскраіне Смаленску разам з прэзідэнтам загінула амаль усё кіраўніцтва польскага войска, кіраўнік Нацыянальнага банка, віцэ-спікер Сойма і яшчэ дзесяткі заслужаных асоб. Такое яшчэ ніколі не здаралася ў найноўшай гісторыі.

«Гэта немагчыма. Я не маю словаў», — толькі так змог пракаментаваць трагедыю супрацоўнік польскага недзяржаўнага тэлеканала TVN.

Бліжэй ночы стала вядома, што парэшткі загінулых вывозяць верталётамі ў Маскву. Большасць журналістаў перамясцілася ў прэс-цэнтр, размешчаны непадалёк у гатэлі. Што праўда, там іх усіх чакаў непрыемны сюрпрыз – пасля ад’езду Пуціна адміністрацыя гатэлю кардынальна змяніла стаўленне да СМІ. Спачатку скончылася бясплатная гарбата, а потым журналістам і ўвогуле адключылі доступ да інтэрнэта. «Рэстаран замыкаецца», — толькі і сказала адміністратарша. Не паўплываў на яе рашэнне нават кароткі нечаканы візіт у гатэль Яраслава Качыньскага, які накіроўваўся на апазнанне свайго брата.

Трагічны дзень падыходзіў да канца. Над смаленскім вайсковым аэрадромам «Паўночны» ўжо не ўзляталі транспартныя верталёты, а журналістаў ля ўязной брамы значна паменела. Насупраць яе стаяў белы легкавік з лагатыпам польскай дзяржаўнай тэлекампаніі TVP. На яго капоце нехта пакінуў шмат чырвоных гваздзікоў, а ля колаў машыны палалі знічы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА ФОТАРЭПАРТАЖ ЮЛІІ ДАРАШКЕВІЧ СА СМАЛЕНСКУ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?