Дачка Качынскага плакала, уздоўж дарогі з аэрадрома да Кракаўскага прадмесця варшавякі крычалі прэзідэнту «Браво». Таксама тлумы спявалі нацыянальны гімн «Ешчэ Польска не згінэла».
Дачка і брат прэзідэнта Качынскага перад труной.
Самалёт з труной Леха Качынскага прыбыў у аэрапорт Акенце. Там адбылася кароткая імша. Прысутнічала ўсё кіраўніцтва краіны і сваякі. Дачка Леха Качынскага Марта плакала.
Жонку прэзідэнта, Марыю, дагэтуль не апазналі.
Брат прэзідэнта Яраслаў быў другім, хто падышоў да труны памаліцца. Перад дамавінай ён укленчыў.
Пасля жалобны картэж паехаў вуліцамі Варшавы — горада, у якім Качынскі быў мэрам, перш чым стаць прэзідэнтам. Ён праехаў Жвіркі і Вігуры, алеі Ерузалімскія, Маршалкоўскую і, нарэшце, Кракаўскае прадмесце. Уздоўж усяго шляху стаялі людзі. Пад колы катафалка ляцелі букеты. Народ крычаў прэзідэнту апошняе «Браво». Білі званы касцёлаў.
Польская нацыя згуртавалася ў вялікім горы.





