У мінскім архікафедральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі 11 красавіка прайшла памінальная імша па загінулых у катастрофе польскага ўрадавага самалёта пад Смаленскам.

На службе прысутнічалі пасол Польшчы ў Беларусі Генрык Літвін, супрацоўнікі польскага пасольства, прадстаўнікі акрэдытаванага ў Мінску дыпламатычнага корпусу. Сярод прысутных таксама былі намеснік міністра замежных спраў Беларусі Валерый Варанецкі і начальнік галоўнага ўпраўлення Еўропы беларускага МЗС Аляксей Скрыпко. Акрамя таго, у службе ўзялі ўдзел паслы шэрагу дзяржаў.

Мітрапаліт Мінска‑Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сваёй пропаведзі нагадаў, што ў Катыні ў 1940 годзе былі расстраляныя некалькі тысяч польскіх афіцэраў, а таксама рускія, беларусы і ўкраінцы. «Там тады загінула эліта, і ўчора там зноў паўтарылася гэтая трагедыя, зноў загінулі прадстаўнікі польскай эліты», — сказаў Кандрусевіч.

Гаворачы пра польскага прэзідэнта, мітрапаліт адзначыў, што Лех Качыньскі «цвёрда стаяў на прынцыпах сваёй каталіцкай веры». «Ён быў за праўду, і прысвяціў барацьбе за гэтую праўду ўсё сваё жыццё, — падкрэсліў Кандрусевіч. — Нялёгка быць прэзідэнтам у адной з краін Еўрасаюза, дзе пануюць секулярызм і маральны рэлятывізм, але ён адстойваў прынцыпы хрысціянскай веры і не адступаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?