Сёння ўначы стартаваў Кубак Стэнлі (плей-оф Нацыянальнай хакейнай лігі) — галоўны клубны турнір свету. Першы матч Кубку Стэнлі прайшоў у далёкім 1894 годзе, за 12 гадоў да заснавання старой «Нашай Нівы»

«Каларада Эвеланш», у складзе якога ёсць беларускі легіянер Руслан Салей, у чвэрцьфінале Заходняй канферэнцыі сёння ўначы перамог у гасцях найлепшую каманду Захада «Сан‑Хасэ Шаркс» — 2:1. Праўда, Руслан Салей удзелу ў матчы не браў.

Наступны матч пройдзе 16 красавіка ў Сан‑Хасэ. Потым — дзве гульні на пляцоўцы «Каларада». Серыя ідзе да чатырох перамог адной з камандаў.

Сёння таксама «Атава» перамагла «Пітсбург» — 5:4, «Філадэльфія» — «Нью-Джэрсі» — 2:1, а «Фінікс» — «Дэтройт» — 3:2.

***

Сёння ўначы возьме старт у плей‑оф і «Манрэаль Канадыенс».

Квэбэкскаму клубу ў чвэрцьфінале Усходняй канферэнцыі будзе супрацьстаяць пераможца рэгулярнага чэмпіянату «Вашынгтон Кэпіталз». Пачатак гульні а 2-й ночы паводле мінскага часу.

Браты Касціцыны супраць Аляксандра Авечкіна, аднаго з найлепшых форвардаў лігі. Гулец зборнай Расіі завершыў рэгулярны чэмпіянат з 109 баламі (50 шайбаў + 59 галявых перадачаў). такі ж вынік у Сіднея Кросбі з «Пітсбурга» — 109 (51+58). Найлепшы толькі Хенрык Сэдзін з «Ванкувера» — 112 (29+83).

У Андрэя Касціцына 33 выніковыя балы (15+18) у 59 гульнях, гэта 7-ы вынік у «Манрэалі», у Сяргея Касціцына — 18 балаў (7+11) у 47 матчах. Але пачатак сезона малодшы з братоў правёў у «Гамільтане» праз канфлікт з галоўным трэнерам «Канадыенс».

Руслан Салей праз траўму згуляў у рэгулярцы толькі 14 матчаў і набраў 6 выніковых балаў (1+5).

А найлепшым бамбардзірам сярод беларусаў зноў стаў форвард «Таронта» Міхаіл Грабоўскі - 35 балаў (10+25) у 59 гульнях. Аднак яго клуб у плей-оф не прабіўся, заняўшы апошняе месца ва Усходняй канферэнцыі.

***

Эксперты «Спорт-Экспресса» і «Спорт-Сегодня» адзначаюць, што ў «Манрэаля» шанцаў супраць «Вашынгтона» амаль няма, у лепшым выпадку «хабс» выйграюць адзін матч у серыі. От каб яны памыліліся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?