14 красавіка ў ходзе паездкі ў Гомельскую вобласць А.Лукашэнка сказаў навіну, якая магла б паставіць Беларусь у адзін шэраг з КНДР і Іранам, якія імкнуцца атрымаць высокаўзбагачаны ўран:

«Я не буду хаваць: у нас застаўся высокаўзбагачаны ўран. Сотні кілаграмаў фактычна зброевага і больш нізкага абагачэння. Мне ўжо некаторы год запар кажуць: так, вывозьце гэты ўран. Хочаце ў Амерыку, мы вам заплацім, хочаце — у Расію».

Пры гэтым А. Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь не збіраецца «рабіць брудныя бомбы ці камусьці прадаваць уран», што матэрыял знаходзіцца пад кантролем МАГАТЭ.

Былы старшыня Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Вайтовіч абвяргае словы А. Лукашэнкі: Беларусь не мае высокаўзбагачанага ўрану:

У нас ёсць каля 90 кілаграмаў урану, ён нізкаўзбагачаны і не прыдатны для таго, каб рабіць з яго бомбы».

Паводле А. Вайтовіча, адзінае ў Беларусі сховішча ўрану знаходзіцца ў Соснах, у цэнтры энергетыкі і ядзерных даследаванняў. Гэтае нізкаўзбагачанае ядзернае паліва сапраўды знаходзіцца пад кантролем МАГАТЭ, яно было завезенае для выпрабавання малагабарытнага перасоўнага рэактара «Памір», які распрацоўваўся ў Беларусі. У пачатку 90‑х гадоў гэтыя распрацоўкі былі спыненыя.

Фізык‑ядзершчык Станіслаў Шушкевіч таксама лічыць непраўдзівымі заявы А. Лукашэнкі пра высокаўзбагачаны ўран.

«Гэта бязглуздзіца. Чалавек не ўяўляе розніцы паміж брудным ардынарным радыёактыўным рэчывам і ўзбагачаным уранам, а тым больш зброевым уранам. Каб мець столькі зброевага ўрану, трэба мець магутную вытворчасць. Гэта як блытаць золата з саломай».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?