Як павёў сябе пасля катастрофы самалёта з элітай грамадства польскі дзяржаўны і нацыянальны механізм? Гутарка з журналістам тэлеканала «Белсат» і «Польскага радыё» Дзмітрыем Гурневічам.

«Наша Ніва»: Як польскі дзяржаўны механізм зрэагаваў на страту вярхоўнага кіраўніцтва?

Дзмітры Гурневіч: Польская дзяржава — гэта нармальна функцыянуючая дэмакратычная структура, якая прадугледжвае адпаведныя механізмы перадачы ўлады. Абавязкі прэзідэнта перайшлі да спікера Сойма Браніслава Камароўскага. Першыя пару гадзінаў быў агульны шок. Але Польшчай кіруюць вельмі адказныя эліты, якія разумеюць важнасць моманту для краіны. Хоць у Польшчы прэзідэнт і ўрад — гэта розныя палітычныя сілы, але ўрад вельмі годна павёў сябе ў гэтыя дні. Тое кіраўніцтва, што загінула ў авіякатастрофе, ужо замененае сваімі першымі намеснікамі. Дзяржаўныя інстытуцыі працягваюць функцыянаваць — Нацыянальны банк, войска. Польшча ўжо перайшла этап трансфармацый. Тут нікому не трэба канфлікты, скандалы.

«НН»: Ці можна ўявіць, што нехта паспрабаваў бы скарыстаць гэтую трагедыю, каб захапіць уладу?

ДГ: Гэта сцэнар нейкіх афрыканскіх краін. Магчыма, Беларусі ці Расіі. Польшча — гэта краіна Еўрасаюза. Тут усё адбываецца, магчыма, недасканала, але грамадскі нагляд за вышэйшым кіраўніцтвам дасканалы. У першыя гадзіны былі думкі, што краіна можа проста «стаць», застапарыцца. Але такога не адбылося. Сітуацыя, калі нейкая хунта бярэ ўсю ўладу ў свае рукі, абсалютна не магчымая ў польскіх умовах. За гады незалежнасці Польшча сумела выгадаваць палітычную эліту, якая разумее ўсю адказнасць. Дый людзі тут такія — хоць і не ходзяць на выбары, але за сваю краіну пастаяць змогуць.

«НН»: Якія першыя крокі на пасадзе выканаўцы абавязкаў прэзідэнта зрабіў Камароўскі?

ДГ: Найперш абвясціў жалобу. Па-другое, прызначыў старшыню Бюро нацыянальнай бяспекі — гэта аналаг беларускай Рады бяспекі, кіраўніка Нацбанка. Гэта кадравыя змены. Ён прымае толькі тэхнічныя рашэнні. Нават адмовіўся прызначаць дату выбараў, даў гэтае права апазіцыйным партыям, каб яго потым не маглі ні ў чым абвінаваціць.

«НН»: Як дзейнічалі ў гэтай сітуацыі СМІ?

ДГ: Мне здаецца, што польскія СМІ занадта крытычна ставяцца да прэзідэнта, урада. Я даведаўся пра катастрофу праз паўгадзіны, як пра яе абвясцілі. Пашчоўкаў усе радыёстанцыі, паўсюль гучала сумная музыка, былі спецыяльныя ўключэнні. Фактычна, жалоба была абвешчаная яшчэ да таго, як пра яе афіцыйна заявіў Браніслаў Камароўскі. Усе пачалі вывешваць сцягі з чорнымі стужкамі, запальваць свечкі. На тэлебачанні таксама імгненна ўсе вядучыя пераапрануліся ў чорнае, вельмі стрымана ўсё каментавалі. Безумоўна, задача любога СМІ крытыкаваць улады. Але страта людзей, незалежна да якога палітычнага лагера яны сябе адносілі, вялізная трагедыя. Трэці дзень ніякіх іншых навін я папросту не бачу.

«НН»: А што людзі? Якая атмасфера ў Варшаве?

ДГ: Людзі адразу пачалі абзвоньваць адзін аднаго, тэлефонная лінія папросту не працавала. Адразу пачаўся людскі рух у бок прэзідэнцкага палаца. Ужо на прыпынках людзі пачыналі плакаць. Гэта моцна аб’яднала польскі народ. Цяпер адмыслова праходжу пешшу па вуліцах — ніхто не размаўляе. Я жыву ў маладым раёне Варшавы, дзе шмат дзяцей, весела. Усе маўчаць, могілкавая цішыня, рэдка хто ўсміхаецца. Гэта не сум напаказ. У мяне з балкона бачна дзесяць сцягоў з жалобнымі стужкамі. Старэйшыя людзі, гэта электарат прэзідэнта, плачуць. У нядзелю быў на Кракаўскім прадмесці, дзе размяшчаецца прэзідэнцкі палац, там паўсюль здымкі загінулых, знічы, кветкі. Палякі ўмеюць аб’ядноўвацца ў трагічныя моманты.

«НН»: Ці былі на самалёце твае знаёмыя?

ДГ: Паколькі я працую журналістам, то шмат з кім даводзілася працаваць. Браць каментары ці нешта яшчэ. Але двух чалавек я ведаў прыватна. Першы — гэта старшыня Катынскага камітэта Стэфан Мэляк. Яшчэ за савецкім часам ён разам з сябрамі завёз на адны варшаўскія могілкі аграмадны 10-тонны першы ў Польшчы помнік у гонар ахвяраў катынскай трагедыі. Ніхто не ведае як. Праўда, помнік той знішчылі ўжо на другі дзень. Мы пазнаёміліся восем гадоў таму. Ён вадзіў беларускіх студэнтаў па Варшаве, паказваў памятныя месцы. Ён быў гісторыкам. Такой гісторыі Польшчы і Беларусі, як ад яго, я яшчэ не чуў. Менавіта ад Мэляка я і даведаўся пра Катынь, бо ў беларускай школе мы чулі толькі пра Хатынь. Таксама загінуў рэктар універсітэта, дзе я вучыўся, ксёндз Румянэк. Ён выкладаў у нас тры разы на тыдзень цягам пяці гадоў. Усе хадзілі на ягоныя заняткі. У 2006 годзе, калі я з Плошчы трапіў на Акрэсціна, рэктар падпісаў ліст у пасольства з патрабаваннем майго вызвалення.

І дэпутаты, і міністры, што загінулі, былі вельмі вялікімі сябрамі Беларусі. Яны лічылі сваім абавязкам дапамагаць Беларусі. Гэтыя людзі стварылі Праграму Каліноўскага, «Белсат», «Рацыю». Адначасова яны былі вялізнымі польскімі патрыётамі, любілі сваю краіну. Магчыма, яны былі крыху архаічнымі, рамантыкамі. Гэтыя людзі штодня былі ў СМІ, тут іншая палітычная культура. Апроч усяго нейкіх палітычных спрэчак, яны расказвалі пра сваю сям’ю, паказвалі дамы.

«НН»: Які цяпер палітычны расклад перад прэзідэнцкімі выбарамі?

ДГ: Пра гэта пакуль ніхто не думае. Выбары павінны адбыцца 20 чэрвеня. Загінулі два кандыдаты ў прэзідэнты. Ад правых — Лех Качынскі, ад левых — Ежы Шмайдзінскі. Думаю, выбары пройдуць досыць ціха. Без гарачых дэбатаў, абмеркаванняў. Па ўсім бачна, што новым прэзідэнтам будзе Браніслаў Камароўскі. Не думаю, што будуць нейкія нечаканасці. Сваёй працай ён даказаў, што годны гэтага.

«НН»: А прыход Камароўскага не адаб’ецца на палітыцы Польшчы ў дачыненні Беларусі?

ДГ: Не. Камароўскі — сябар «Грамадзянскай платформы», якую ў беларускіх СМІ лічаць нейтральнай па беларускім пытанні. Але гэта не так. Яны заўсёды падтрымлівалі ўсе ініцыятывы па Беларусі. Ніхто ў Польшчы, хто б ні прыйшоў да ўлады, не зменіць палітыку ў дачыненні нашай краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?