Нічога сенсацыйнага на прэс-канферэнцыі ў пятніцу Бакіеў не сказаў. Хаця яшчэ перад ягоным прылётам у Мінск Лукашэнка намякаў на атамныя заявы: «Я думаю, ён шмат распавядзе».

Лукашэнка тады задзірыста дадаў: «І мы потым паглядзім, хто ў нас болей свабодная краіна: Беларусь ці якія-небудзь іншыя дзяржавы».

Што ж, зрынуты кіраўнік аўтарытарнага рэжыму сапраўды атрымаў тут шырокую трыбуну. Адрозна ад унутраных іншадумцаў. Памятаеце, Казуліну ў свой час закінулі і тое, што спрабаваў трапіць у замкнуты перад носам Нацыянальны прэс-цэнтр.

Бакіеў жа там 23 красавіка чакана аднекваўся ад карупцыі і адказнасці за кроў, вешаў гэта на апазіцыю: маўляў, збаялася сама выйсці на вуліцы, утаймаваць натоўп (хаця, як сведчаць іншыя крыніцы, акурат той натоўп яе і вызваліў з вязніц).

Не рызыкнуў ён і наўпрост абвінавачваць Расію, хаця кантэкст абмаляваў выразна: маўляў, Масква мела зуб за амерыканцаў на базе Манас. Плюс Пуцін на яго ціснуў, каб адрокся, а потым не стрымаў слова ў сэнсе бяспекі сваякоў і г.д.

Яшчэ адзін закід — бяздзейнасць АДКБ.

Разам з тым, Бакіеў трохі зняў напружанне, засведчыўшы, што вяртацца ў Кыргызстан прэзідэнтам не збіраецца. То бок ён зараз толькі сімвал, прылада. Прычым па-свойму зручная для Лукашэнкі, хоць ягоныя крокі ў абарону зрынутага азіяцкага ўладара многія лічаць ірацыянальнымі, выключна эмацыйнымі.

Не без таго, спачуванне насамрэч шчырае. Але разам з тым тут пэўна ж прысутнічае разлік. Клопат пра калегу (якога, маўляў, вялікія дзяржавы аддалі на здзек), а яшчэ болей педаляванне гуманізму ў дачыненні да сям’і, малых дзетак, — гэта

добрая дымавая заслона. Яна ахутвае флёрам высакароднасці сапраўдныя матывы сваркі з расійскім кіраўніцтвам.

Лукашэнка зразумеў, што ініцыяваная Крамлём прагматызацыя дачыненняў — незваротная. Братніх цэнаў на энерганосьбіты так ці іначай не будзе. А вось пакласці свінню пад выбары якраз могуць. Трэба ашчаціньвацца, акопвацца.

Але наўпрост сказаць: няма зніжак, дык бачылі мы ў труне ўсе вашы саюзы! — гэта выглядала б занадта цынічна. А тут — наадварот: усе наўкол па вушы ў цынізме, і толькі беларускі правадыр — ва ўсім белым. Працягнуў руку дапамогі небараку-калегу ды кінуў пальчатку магутнай суседцы.

Пры гэтым

застаецца пляцоўка для торгу з той самай Масквой. Яна ж не хоча, каб ляснуліся АДКБ ды Мытны звяз. А раз так — давайце дамаўляцца. Як і з тым уранам.

У Крамлі злуюцца, канечне, але разам з тым і чухаюць рэпу. Лукашэнка гуляе на абвастрэнне, бо няма выйсця.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру