Расія мае намер уступаць у Сусветную гандлёвую арганізацыю (СГА) самастойна, а не ў межах Мытнага саюза з Беларуссю і Казахстанам.

Пра гэта заявіў першы віцэ‑прэм’ер Расіі Ігар Шувалаў 26 красавіка ў Вашынгтоне напярэдадні чарговага раунда перамоў аб уступленні РФ у СГА, паведамляе The Wall Street Journal.

«Гэта будзе карысна для ўсіх,

калі Расія стане членам СГА раней, чым мы створым агульны рынак з Казахстанам і Беларуссю», — сказаў Шувалаў.

***

У чэрвені 2009 года кіраўнікі ўрадаў Расіі, Казахстана і Беларусі заявілі пра сумеснае ўступленне ў СГА ў якасці адзінай мытнай тэрыторыі. Тады ж тры краіны прыпынілі двухбаковыя перамовы аб далучэнні да СГА на час правядзення кансультацый па фарміраванні адзінай пазіцыі Мытнага саюза.

У кастрычніку 2009 года было аб’яўлена, што Расія, Казахстан і Беларусь адновяць перамовы аб далучэнні да СГА паасобку, але на ўзгодненых пазіцыях.

15 красавіка Шувалаў, знаходзячыся ў Бруселі, паведаміў журналістам, што тактыку ўступлення ў СГА прэзідэнты краін Мытнага саюза абмяркуюць 5 ліпеня на сустрэчы ў Астане. Ён выказаў надзею, што Расія ўвойдзе ў СГА да канца 2010 года. «Я думаю, што сёння ў нас ёсць вельмі добрая падтрымка з боку Еўрасаюза і пазітыўныя сігналы з боку адміністрацыі ЗША», — сказаў Шувалаў.

Ён таксама адзначыў, што Мытны саюз Расіі, Беларусі і Казахстана адпавядае «ўсім правілам СГА і асноўным прынцыпам Еўрасаюза», і ў гэтым плане Расія заклікана стаць «мостам да Казахстана і Беларусі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?