Больш за палову дэпутатаў мясцовых саветаў абраныя паўторна, паведаміў сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік.

Паводле яго слоў, усяго было абрана 21.288 дэпутатаў, з іх 11.186 з’яўляюцца дэпутатамі мінулага склікання, 9.695 — жанчыны, 1.097 — грамадзяне ва ўзросце да 30 гадоў, 301 — прадстаўнікі палітычных партый.

Найбольшае партыйнае прадстаўніцтва ў мясцовых саветах будзе мець Камуністычная партыя Беларусі — 262 дэпутаты. Дэпутатамі абраныя 28 прадстаўнікоў Беларускай аграрнай партыі, шэсць — Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, два — Беларускай сацыяльна‑спартыўнай партыі, па адным — Ліберальна‑дэмакратычнай парты і Беларускай партыі левых «Справядлівы свет».

2.832 дэпутаты мясцовых саветаў працуюць у сферы прамысловасці, гандлю, транспарту, 5.668 — у сельскай гаспадарцы, 3.594 — адукацыі,

1.993 — ахове здароўя і сферы сацыяльнай абароны. 804 дэпутаты з’яўляюцца ваеннымі або супрацоўнікамі праваахоўных органаў, 2.732 — дзяржаўнымі служачымі, 399 — беспрацоўнымі.

Лазавік падкрэсліў, што гэтыя звесткі, у тым ліку адносна партыйнага прадстаўніцтва, не канчатковыя і будуць карэктавацца.

Сакратар Цэнтрвыбаркама зазначыў, што рэзкіх ваганняў у сацыяльным і палітычным складзе мясцовых саветаў не адбылося. «Насельніцтва аказвала давер тым людзям, якіх яны добра ведаюць», — сказаў ён.

Лазавік паведаміў, што «найбольш вострыя баталіі» былі «на ўзроўні сельскіх саветаў». «Нават у акругах, дзе балатаваўся адзін кандыдат і выбары адбыліся, выбаршчыкі маглі галасаваць супраць яго абрання. Такіх акругаў больш як дзесяць», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?