Першамай, па‑фінску Vappu, — гэта адно з вялікіх дзяржаўных святаў Фінляндыі. Звычайнае агульнадзяржаўнае фінскае свята заключаецца ў тым, што гарады пусцеюць, на вуліцах ні душы, шынкі поўныя, цвярозых практычна няма. Піша Якуб Лапатка.

Фіны, як і беларусы, — люд вясковы. Вялікае перасяленне народа ў іх пачалося недзе тады, як і ў нас у Саюзе. Толькі прычыны былі розныя. Мы беглі ў гарады і на будоўлі таму, што нам, вясковым мальцам, пачалі даваць пашпарты: ура, канец прыгону, едзем куды хочам ад Буга да Курылаў! І ехалі, а што ж? А фіны на пачатку шасцідзясятых зрабілі індустрыйны гоп‑скачок, бо да капейкі выплацілі ваенныя рэпарацыі Савецкаму Саюзу, атрымалі вялікія заказы ад яго ж на караблі, паперу і г.д. Ну і рвануў народ на будоўлі веку.

Практычна ў кожнага фіна дагэтуль ёсць родзічы па вёсках і хутарах, таму кожнае свята, кожны выходны гараджане нават у другім‑трэцім калене едуць па вёсках. Толькі не сеяць і садзіць садавіну‑гародніну, а проста адпачываць з півам, грылем. Аматары агародаў таксама маюць соткі і летнія дамкі‑шпакоўні на гэтых сотках нават пасярод Хельсінкаў.

Хельсінкі — гэта спалучэнне вёскі з еўрапейскай сталіцай.

Свінячаць, але мірна

Сама назва Вапу звязаная са святой Вальпургіяй і здаўна святкуецца як дзень абвяшчэння парэшткаў Вальпургіі святымі мошчамі і іх перазахавання ў царкве Святога Крыжа Айхштэтціна ў 889 годзе.

Свята «вясны і працы» пачалі святкаваць у Фінляндыі з 1898 года, а вольным днём афіцыйна зрабілі ў 1944 годзе. Тут яго пачынаюць адзначаць напярэдадні.

Існуе даўняя традыцыя, якой хельсінскія выпускнікі ліцэяў трымаюцца паўсотні гадоў. 30 красавіка не раней за шостую гадзіну вечара выпускнікі ліцэяў маюць права нарэшце адзець белыя студэнцкія шапачкі. Але спачатку трэба такую шапачку адзець на статую дзяўчыны ў цэнтры горада на бульвары Эспланада. Збіраецца незлічоная колькасць моладзі, усе сутаргава сціскаюць у руках доўгачаканыя шапачкі, піва, віно.

А шостай на статую караскаюцца два верхалазы, адзяваюць на Хавіс Аманду (так завецца статуя дзяўчыны) белую шапачку… і пачынаецца.

Раздаецца шалёны крык, узлятаюць на галовы былых шкаляроў студэнцкія шапачкі, лопаюць коркі і выпіваецца гэтулькі піва, віна ды гарэлкі, што праз гадзіну на цэнтральным квадраце 2х2 км не застаецца ніводнага цвярозага чалавека. Вакханалія цягнецца да самай раніцы. Пасля ўзыходу сонца горад мае жахлівы выгляд: паўсюль пустыя ды бітыя бутэлькі, бляшанкі з‑пад піва, пачкі цыгарэт і г.д. Асабліва засвінячана ў цэнтры на тым самым пятачку. Там народ стаіць сцяной, а на суседняй вуліцы ў двух‑трох сотнях метраў пуста, нібы пасля чумы. Праўда, парэзаных, пабітых, задушаных і згвалчаных практычна няма. За ўсе пятнаццаць гадоў я бачыў толькі дзве бойкі, а прычынай трэцяй аказаўся я сам.

Канфлікт за Выбарг

Неяк мой знаёмы інтэлігент з Піцера папрасіў паказаць яму фінскае дно. Я ж як знаўца такіх піўнухаў завёў яго ў адну карчму на Хельсінкскай вуліцы (такая назва), уздоўж якой стаіць шэраг шынкоў самага блатнога пошыбу. Справа ў тым, што там жа знаходзяцца дзве ці тры начлежкі для фінскіх алкашоў.

Адпаведна, шустрыя мальцы адкрылі для іх патрэбнага ўзроўню піўнухі. У адрозненне ад «бамжа» на постсавецкай прасторы, фінскі бадзяга — гэта чалавек, які сам сябе апусціў да такога стану. Ён атрымлівае дапамогу па беспрацоўю, некалі атрымліваў грошы на аплату кватэры, на лячэнне, на вучобу і г.д., але пачаў усё прасаджваць, вось яго і турнулі з кватэры, з працы — жыві так, як хочаш. Цвярозымі яны практычна не бываюць, а таму не прасыхаюць ад патрыятызму вышэйшай пробы.

Адзін з такіх патрыётаў пачуў нашу расійскую гаворку і падышоў павітаць нас словамі «перкеле рюсся» — чортаў маскаль. Я патлумачыў, што да маскалёў адносін не маю, і параіў ісці міма, на што ён адрэагаваў вельмі нервова: пачаў крычаць, што праклятыя маскалі адабралі ў фінаў Выбарг, Карэлію, што трэба зараз жа забраць іх назад і набіць мне морду. Працоўныя піўныя масы засталіся абыякавыя да гэтага палкага закліку і ажыўлена гаманілі пра той жа Выбарг, дзе танная гарэлка, пра тое, што расійцам добра жывецца з такой таннай гарэлкай і, наогул, спакойна працягвалі абмяркоўваць надзённыя праблемы накшталт таннай гарэлкі ў Расіі і дарагой у Фінляндыі. І ніхто з іх нават не думаў мяне вінаваціць у тым, што з гарэлкай склалася такое становішча. Але патрыёт не супакойваўся: «Панаехалі, праклятыя маскалі! Пазаймалі нашы працоўныя месцы!» Хаця было бачна, што ўсім міратворчым сілам ААН і НАТО разам з ваеннай паліцыяй не ўдасца загнаць яго ні на якое працоўнае месца. Тое ж можна сказаць і пра астатніх пітухоў.

Але і на гэты прафсаюзна‑справядлівы кліч ніхто не адгукнуўся. Тады ў парадку вынішчэння маскалёў ён паспрабаваў выліць мне за каршэнь рэшткі піва са слінькамі. Давялося няветла адхіліць, але ён так слаба трымаўся на нагах, што ўляцеў спіной у шкляныя дзверкі шафы з колай ды іншымі безалкагольнымі напоямі, якія не карысталіся аніякай папулярнасцю ў публікі, аднак па закону такія павінны быць у наяўнасці.

Пакуль ён выпростваўся з бутэлек ды бітага шкла, бармэн выклікаў паліцыю. Я паціху адправіў прыяцеля на вуліцу, каб у яго не ўзнікла праблем з наступнай візай.

І тут я ашалеў ад здзіўлення: усе раптам узняліся на маю абарону: ён і не вінаваты, ён і спакойны, ён і ветлівы, і так добра гаворыць па‑фінску, а гэта п’янтос і задзіра.

Этнічная салідарнасць не спрацавала. Паліцаі паглядзелі праз камп’ютар у машыне мае дадзеныя: адрас, год нараджэння і адпусцілі мяне з Богам. Патрыёт паспрабаваў кінуцца на паліцэйскіх з крыкамі тыпу: «І вы, Брут, паліцаі, прадаліся маскалям!», але падтрымкі не знайшоў і паехаў у пастарунак.

Тут Ленін піў піва

Класавыя баі працоўных тут носяць зусім іншы характар. Недзе а дзевятай уранні збіраюцца дзве непрымірымыя групоўкі: сацыял‑дэмакраты, шведская партыя, сацыялісты, яшчэ колькі партыяў на самым вялікім пляцы горада — Хаканіемі. Левакі ж — усе кампартыі (не ведаю нават зараз колькі іх), анархісты, прыхільнікі старшыні Мао і маёра Чэ Гевары збіраюцца каля вакзала і ідуць шчыльнымі радамі да той жа плошчы Хаканіемі. Іх суправаджаюць ажно дзве паліцэйскія машыны — адна спераду, другая ззаду. Некалькі чалавек у цывільным з Супо (таемная паліцыя) вядуць здымкі.

Калона а дзесятай прыходзіць на тую ж плошчу, згортвае прылады класавай барацьбы: лозунгі з заклікамі далоў таго‑сяго, жыве гэта і гэна! І не меней шчыльнымі радамі кіруецца ў бліжэйшы шынок, які належыць сацыял‑дэмакратам ажно з 1904 года, як і вялізны народны дом у шэсць паверхаў. Там класавыя баі разгортваюцца не на жарт. Народу , як у піцерскім метро ў час пік. Усе сёрбаюць піва, бегаюць у шыкоўны туалет, сядзяць на мяккіх канапах, стаяць у праходах і спяваюць песні. У адным з куткоў ёсць так званы «рэвалюцыйны стол». Там нібыта сядзеў сам Ленін з Куусіненам. Халера іх ведае, сядзелі яны ці не, але я там сядзеў. Туды зазвычай садзяцца левакі. І мы спявалі розныя рэвалюцыйныя, расійскія песні, а я нават беларускую песню. Мы пераспявалі эсдэкаў.

Самае цікавае тут, што палітычныя праціўнікі ніякім чынам не асабістыя ворагі. Людзі шчыра весяляцца, забыўшыся на абрадавыя і дагматычныя розніцы.

Прэзідэнтка і суседскія бабы

Людзі цягаюцца па плошчы, слухаюць спевы, самі пяюць, карацей, радуюцца святу «вясны і працы». Сама прэзідэнтка Тар’я Халанен выходзіць прайсціся па вуліцы ў натоўпе. З ёй усяго толькі адзін ахоўнік. Я нават пагаманіў з ёй і павіншаваў з Першамаем. А да таго з ёй ажыўлена балабонілі дзве нейкія кабеты, я потым спытаўся, хто яны.

Аказалася, суседзі, бо яе асабістая ўласная кватэра непадалёк, і бабы сказалі, каб не задзірала нос, яны ж яе выбіралі.

І ўвесь гэты час цэнтральныя вуліцы Хельсінкі ўяўляюць сабой вялізны сметнік. Камунальныя службы напоўніцу выкарыстоўваюць сваё права на адпачынак. Вуліцы выліжуць толькі пасля святаў. Але гэта ніяк не ўплывае на святочны настрой працоўнага люду.

* * *

Якуб Лапатка нар. у 1944 у вёсцы Аўсюкова (Расонскі раён). Скончыў іспанскі факультэт Мінскага інстытута замежных моваў. Дваццаць гадоў працаваў настаўнікам у Наваполацку. Цяпер жыве ў Хельсінкі (Фінляндыя). Займаецца перакладам фінскай літаратуры на беларускую мову. Аўтар поўнага перакладу фінскага нацыянальнага эпасу «Калевала».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру