Дзень Еўропы 9 мая ў Беларусі адсвяткуюць кінафестывалем і фотавыставай, паведамляе прэс‑служба пасольства Вялікабрытаніі, якая прадстаўляе Іспанію, што старшынствуе ў Еўрасаюзе.

З 10 мая па 4 чэрвеня да ўвагі гледачоў будуць прапанаваныя 17 фільмаў з 16 краін: Беларусі, Балгарыі, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Даніі, Італіі, Ірландыі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Фінляндыі, Францыі, Чэхіі, Швецыі і Эстоніі.

Паказы пройдуць у кінатэатрах Мінска, Магілёва і Бабруйска. У сталіцы ўсе стужкі можна будзе ўбачыць бясплатна.

Фестываль адкрыецца 10 мая паказам у мінскім кінатэатры «Перамога» беларускай стужкі «Рака жыцця».

Праграма ўключае фільмы самых розных жанраў — ад казак да гістарычных драм. Фінансавая падтрымка фестывалю аказана прадстаўніцтвам Еўрасаюза ў Мінску і 15 пасольствамі краін ЕС. Мерапрыемства праводзіцца пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі.

Адначасова з кінафестывалем пройдзе фотавыстава «Еўропа нашымі вачыма». Больш за 170 беларускіх фатографаў прадставілі на конкурс каля паўтары тысячы фатаграфій, зробленых у розных еўрапейскіх краінах. Лепшыя працы будуць паказаныя ў галерэі кінатэатра «Перамога».

Гледачы змогуць аддаць свае галасы за працы, якія найбольш спадабаліся. Пераможца, які атрымаў найбольшую колькасць галасоў, будзе ўзнагароджаны падчас цырымоніі закрыцця фестывалю 17 мая.

Першы фестываль у гонар Дня Еўропы прайшоў у Беларусі ў 2005 годзе.

У краінах ЕС Дзень Еўропы адзначаюць таксама як Дзень Рабера Шумана ў гонар гістарычнай дэкларацыі, аўтарам якой быў гэты французскі дзяржаўны дзеяч.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру