Паўстаньне
Ніжэй магілы не апусьціш
І не прынізіш ніжэй зямлі…
Таму паўстаньне мы пачалі
З халоднай цемры, з чорных пустак,
Каб выйсьці з мораку на сьвятло,
Каб уздымацца да вольнай волі,
Каб стаць свабоднымі і ніколі
Не патрапляць у д’яблава ярмо.
11.04.2005
Беларускае пытаньне
Што з намі будзе?
Хто дапаможа?
Скажыце, людзі!?
Ратуй нас, Божа!
14.01.1990—9.04.2005
Сонца
Я вылюблю цябе да донца,
Мая ты — радасьць,
Маё ты — сонца.
Ты вылюбіш мяне дарэшты,
За пацалунак,
За гэты вершык.
11.05.2005
Менск
Горад Мінск — горад Ікс недалюблены, антымістычны,
Дзе нашчадак Пятра прыбіральню вартуе ў «Макдоналдсе»,
А калега сьвятой Магдаліны з поўным ротам зазвычай моліцца.
Горад Мінск — горад Зэт, горад мёртва- і чыстастатычны.
Горад Мінск — горад-сон, горад сонца неэстэтычнага.
Дзе героі твае? Дзе сыны-абаронцы, паэты-ўсхваляльнікі?
Замест іх ты напоўнены спрэс пуставока-лупатымі лялькамі.
Колькі можна чакаць інтэрвэнтаў, ратункаў мітычных?
Горад мой, паўставай, ажывай і жыві паўнакроўна,
І ня будзе табе, горад Менск, ні падобных, ні роўных.
23.05.2005
Травень
Спакойны, сонечны, нядзельны дзень.
Ля возера гуляю ў адзіноце,
Там ластаўкі цалуюцца ў палёце
І падаюць на свой шматкрылы цень.
30.05.2005
Жвір жыцьця
Мы ўсё зрабілі, можна адпачыць,
Купіць гарэлкі, добра моцна выпіць,
Каб выспацца і зноў нанова жыць,
Каб жвір жыцьця са жмені ў жменю сыпаць.
Жвір паплыве струменем залатым.
Жвір пабяжыць, нібыта кроў праз сэрца.
Мы зноў паверым у адсутнасьць сьмерці
І ў жвір жыцьця, што вечна малады.
13.06.2005
Біяматэматыка
Павярхоўнасьць прагне глыбіні.
Глыбіня сыходзіцца з паверхняю,
Не знайсьці прымусу ў тым ані
Кроплі… Толькі ёсьць завершанасьць,
А ў завершанасьці тоіцца пачатак,
Кропля, кропачка, драбок, arche,
Нуль, зь якога ў нараджальным сьне
Зьявяцца адзінкі, множнасьць, статак…
Статкам будзе кіраваць пастух,
Пасьвіцьме свой незьлічоны статак,
Будзе ў ім прыбытак і дадатак.
На зялёны, сьвежы, росны луг
Наш пастух пакліча мастака
Маляваць паверхні і глыбіні.
Той напіша вобраз пастуха
І паставіць кропку на карціне.
26.07.2005
Здалёк
Як многа навокал
Чужых людзей,
Чужых агнёў,
Чужых падзей…
Як жа далёка
Тваё цяпло,
Радасьць мая,
Маё сьвятло.
2.08.2005
Барсэлёна
Я пазнаю сваю Барсэлёну ў натоўпе другіх гарадоў
Па яе каравэльнай хадзе, па яе карнавальным убраньні.
Я насустрач пайду, да яе шматсаборнага зьзяньня.
Да любові маёй Барсэлёны я рады ісьці, пагатоў…
Пагатоў, я гатовы да мілай сваёй Барсэлёны ісьці шмат гадоў.
Бессаромная страсьць Барсэлёны зьдзіўляе прысутных,
Як уражвае бляскам маланка над морам у хмары распнутай.
Я спазнаю маю Барсэлёну ў натоўпе другіх гарадоў.
3.08.2005
Захмялелая малітва
Я малюся бутэльцы
З чырвоным віном.
Я малюся бутэльцы
Зь нявыпітым сном.
За бутэльку віна
Я ўсё чыста аддам.
За бутэльку віна
Каго хочаш прадам.
У цябе ёсьць малельня
З Ісусам Хрыстом.
Ты стаіш на каленях,
А я п’ю за кустом.
У маёй галаве
Ёсь тубэлька віна.
У маё галаве,
Праўда, толькі яна.
Больш нічога няма,
Толькі шклянка віна.
Боль гічона няма,
Токі кропля віна.
У маёй галаве
Кольтці кропля адна.
У маёй лагаве
Шольб нічога мяна…
4.08.2005
Салдат
Калі ніхто ня кажа: «Выбачай,
Даруй, паэт, што я цябе пакрыўдзіў…»,
Калі навокал робіцца ўсё крыва,
Навокал змрок і роспачны адчай, —
Больш не патрэбна вашае «прабач»,
Не суцяшае больш чужое слова.
У цемры паўтараю, як замову
І як загад: «Ня плач, паэт. Ня плач».
Слабы хай плача, круціцца, як гад
Пад цяжкім ботам. Хутка разьвіднее,
І сьлёзы высахнуць, і сэрца скамянее…
Замест паэта — будзе вам салдат.
15.08.2005
*
Хопіць
піць.
8.10.2005
Поўня
Іртутная поўня хістаецца ў хвалях няспынных.
Іду, а яна набліжаецца да вадаспаду няўмольна.
Вярба ціха плача над хуткай халоднаю плыньню,
Ня могучы вычарпнуць з рэчкі чароўную поўню.
15.11.2005





