1 траўня беларускія бальшавікі адсвяткавалі міжнародны дзень салідарнасці з працоўнымі. Сабраўшыся, а 12-й ля Акадэміі Навук, яны прайшлі шэсцем на плошчу Бангалор, дзе адбыўся кароткі мітынг. Дэманстранты імкнуліся прыцягнуць да сябе ўвагу з дапамогай лозунгаў: «Буржуяў — на нары, рабочых — на Канары». Былі і больш радыкальныя, кшталту «Нашы Мігі сядут в Ріге, нашы танкі снова в Праге!» ды «Пытаць і вешаць, вешаць і пытаць».

Удзельнікаў першатравеньскага шэсця было няшмат — каля 60-ці чалавек. Нягледзячы на гэта, яно было выразна падзеленае па ўзроставай прыкмеце. Узначальвала калону старая гвардыя з партрэтамі Леніна і Сталіна, чырвонымі расцяжкамі ды гармонікам, а замыкала маладая бальшавісцкая генерацыя — прадстаўнікі нацыянал-бальшавіцкай партыі, філіяла расійскай.

Першыя па дарозе ў парк Дружбы народаў спявалі старыя савецкія песні, а нацболы разнастайнымі спосабамі імкнуліся прыцягнуць да сябе ўвагу мінакоў. Галоўным чынам з дапамогай лозунгаў: «Адабраць і падзяліць!», «Буржуяў — на нары, рабочых — на Канары», «Бог казаў дзяліцца!». Былі і больш радыкальныя, запазычаныя ў расійскіх «лімонаўцаў»: «Нашы Мігі сядут в Ріге, нашы танкі снова в Праге!», «Мы маньякі, мы дакажам» ды «Пытаць і вешаць, вешаць і пытаць».

Падчас мітынгу на плошчы Бангалор выступоўцы крытыкавалі кантрактную сістэму і безабароннасць працоўных перад наймальнікамі. Выступы нагадвалі найлепшыя ўзоры сацыялістычнага аратарскага майстэрства найгоршых часоў.

«Кантрактная сістэма — гэта дубіна для рабочага класа», «Мы заклікаем свабодалюбныя народы паўстаць супраць амерыканскага імперыялізму» — падобнымі тэзамі былі напоўненыя палымяныя звароты аратараў да тых некалькіх дзесяткаў чалавек, што здолелі дайсці да месца правядзення мітынгу.

Больш канкрэтным аказаўся выступ нацыянал-бальшавікоў. Яны выказалі сваю незадаволенасць палітыкай беларускіх уладаў, заявіўшы, што ў Беларусі «чалавек сёння — раб» і заклікалі да правядзення супольных акцый і дэманстрацый. «Толькі супольнымі шматлюднымі акцыямі мы зможам дамагчыся ўплыву ў Беларусі», — скончыў свой выступ прадстаўнік беларускіх прыхільнікаў Эдуарда Лімонава.

Напрыканцы прысутныя адзінагалосна прынялі рэзалюцыю аб салідарнасці усіх левых сіл Беларусі ў барацьбе з антычалавечным курсам і новым амерыканскім неафашысцкім рэжымам, асудзілі нежаданне мінскіх уладаў вярнуць у горад помнік Сталіну і раскрытыкавалі ідэю расійскіх уладаў правесці парад на Краснай плошчы супольна з прадстаўнікамі войскаў саюзнікаў у ІІ сусветнай вайне.

«Адправім глабальны капіталізм на звалку! За сацыялістычную Беларусь! Ура, таварышы!» — гучна крычалі нешматлікія бальшавікі ў парку Дружбы народаў, выклікаючы непрыхаваны смех ў мінакоў.
Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру