— Я прапаную аб’яднаць «Газпром» і «Нафтагаз», — сказаў у пятніцу прэм’ер-міністр Расіі Уладзімір Пуцін на перамовах з кіраўніком украінскага ўраду Мікалаем Азаравым.

У пятніцу ў Сочы ўрадавыя дэлегацыі Расіі і Украіны мусілі абмеркаваць больш цеснае эканамічнае супрацоўніцтва, асабліва ў сферы энергетыкі і авіякасмічнай прамысловасці. Гэта павінна было стаць працягам так званага Харкаўскага пакта «газ за флот», падпісанага на мінулым тыдні ў Харкаве прэзідэнтамі Расіі і Украіны Дзмітрыем Мядзведзевым і Віктарам Януковічам. Кіеў вырашыў падоўжыць прынамсі на 25 гадоў дамову пра размяшчэнне вайсковых базаў Чарнаморскага флоту Расіі ў Крыме, тэрмін дзеяння якой заканчваецца ў 2017 годзе. У сваю чаргу Масква пагадзілася цягам найбліжэйшых 10 гадоў прадаваць Украіне газ з 30-працэнтнай зніжкай.

Але аказалася, што гэта яшчэ не ўсё. У пачатку гэтага тыдня ўрад Расіі прапанаваў Украіне аб’яднаць атамную энергетыку, якая вырабляе палову электраэнергіі ва Украіне. У пятніцу да галінаў, што мусяць інтэгравацца, Пуцін дадаў газавую прамысловасць.

Паводле звестак агенцтва «Інтэрфакс», прапанова Пуціна ашаламіла нават прадстаўнікоў украінскіх уладаў. Спачатку прэс-служба ўкраінскага ўраду сцвярджала, што гэтая ідэя ў Сочы не абмяркоўвалася, і спрабавала ператварыць усё ў жарт. Але потым Мікалай Азараў заявіў, што ўрады Украіны і Расіі абмяркуюць такую магчымасць.

Нечаканая для ўкраінцаў, прапанова Пуціна, аднак, не выклікала здзіўлення ў «Газпроме. «Перамовы пачнуцца адразу пасля майскіх святаў. Мы будзем размаўляць пра абмен актывамі, а ў перспектыве — пра зліццё кампаній», — паведаміў журналістам старшыня «Газпрома» Аляксей Мілер. Ён дадаў, што такім чынам Украіна атрымае доступ да газавых радовішчаў у Расіі, а «Газпром» зможа інвеставаць ва ўкраінскія трубаправоды, праз якія транзіт расійскага газу ў Еўропу складае 80 працэнтаў.

Фактычна ж, гэта будзе паглынанне Расіяй украінскай газавай прамысловасці. На думку расійскіх экспертаў, у кампаніі, паўсталай у выніку зліцця «Газпрома» і «Нафтагаза», Украіна мела б толькі мізэрныя 6% акцый і ніякага ўплыву на прыняцце рашэнняў.

Гэтае зліццё таксама перадвызначыла б інтэграцыю Украіны і Расіі. «Зліццё «Газпрома» і «Нафтагаза», супрацоўніцтва ў ядравай галіне, падаўжэнне дамовы аб размяшчэнні Чарнаморскага флоту ў Севастопалі — усё гэта пахне інтэграцыяй. Праблема толькі ў тым, наколькі гэтая інтэграцыя будзе трывалай», — кажа палітолаг Марк Урноў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?