Марыюш Машкевіч (злева) падчас арышту ў Мінску вясной 2006 г.

Марыюш Машкевіч (злева) падчас арышту ў Мінску вясной 2006 г.

Што павінен зрабіць дыпламат, каб спецслужбы прызналі яго няздольным годна рэпрэзентаваць сваю краіну? У якім выпадку асабістае жыццё можа стаць прычынай пазбаўлення доступу да важнай дзяржаўнай інфармацыі? Гэтыя пытанні нечакана змянілі жыццё аднаго з творцаў беларускай палітыкі Польшчы — былога пасла ў Беларусі (1998–2002) і былога віцэ-дырэктара Усходняга дэпартаменту польскага МЗС Марыюша Машкевіча.

Гісторыя пачалася яшчэ тады, калі Машкевіч кіраваў польскім дыпламатычным прадстаўніцтвам у Беларусі, піша газета «Жэчпасполіта». Пераехаўшы ў Мінск разам з жонкай і чатырма дзецьмі, ён неўзабаве кардынальна змяніў сваё жыццё, у якім з’явілася беларуска Кацярына. У выніку спадарыня Машкевіч з дзецьмі вярнулася ў Варшаву.

У савецкія часы такі рэзкі паварот ў асабістым жыцці, безумоўна, адразу каштаваў бы дыпламату кар’еры, калі не горш. Сувязь дыпламата з замежнай грамадзянкай была выключаная. А тым больш з грамадзянкай краіны, якая знаходзіцца ў варожых адносінах з тваёй. Аднак дэмакратыя на тое і дэмакратыя. Спадар Марыюш вярнуўся ў Польшчу пасля заканчэння свайго чатырохгадовага тэрміну і спачатку нават пайшоў на павышэнне па кар’ернай лесвіцы. Машкевіч меў вялікі ўплыў на фармаванне беларускай палітыкі Польшчы, а таксама на палітыку ЕС ў дачыненні да нашай краіны.

Менавіта з ініцыятывы Машкевіча адбылася сустрэча міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага з яго беларускім калегам Сяргеем Мартынавым у Белавежскай пушчы. Пасля чаго Польшча ўзяла курс на вывад Беларусі з ізаляцыі. Нават калі для таго прыходзілася заплюшчваць вочы на разгром Саюза палякаў і рэпрэсіі супраць беларускай апазіцыі.
Польскія СМІ і кансерватары тады абвінавацілі Сікорскага ў «здачы» Саюза палякаў Беларусі ў імя палітычнай кан’юнктуры.

Толькі праз некаторы час газеты, радыё і тэлебачанне згадалі імя Марыюша Машкевіча ўжо з іншай нагоды — контрвыведка Польшчы пазбавіла яго доступу да важнай дзяржаўнай інфармацыі. Для дыпламата такога ўзроўню гэта азначае канец кар’еры. Прычым канец бясслаўны.

Якімі былі прычыны гэтага кроку польскіх спецслужб? Кампраметуючая сувязь з беларускай або правал палітыкі дыялогу з беларускімі ўладамі?

Калі Машкевіч стаў пратэставаць супраць рашэння Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW), у газеты трапіла ягоная сямейная гісторыя. Аказваецца, беларуска, якую Машкевіч выдаваў за сваю жонку, была ягонай… мачахай. Паводле дакументаў, яна замужам за ягоным бацькам, а яе дзіця лічыцца па дакументах дзіцем бацькі Машкевіча.

Польскія спецслужбы палічылі, што такі незвычайны мар’яж мог даць беларускім спецслужбам магчымасць для шантажу. Ці ўжо даў? «Мы ніколі не прымаем рашэння па гіпатэтычных пагрозах, а заўжды грунтуемся на рэальным матэрыяле», — абцякальна адказала на гэтае пытанне прэс-сакратара ABW.

Рэч у тым, што фіктыўны шлюб з мэтай атрымаць грамадзянства — гэта ўжо злачынства. А злачынства, у адрозненне ад кахання, не даруецца.

Польская контрвыведка дакладных каментароў у такіх справах не дае, спасылаючыся на інтарэсы дзяржавы. Незразумелым застаецца, ці беларускі КДБ мог уплываць на М.Машкевіча, ці, наадварот, спрычыніўся да завяршэння кар’еры дыпламата.

На апошняе намякае сам Машкевіч. Ён расказвае, што, калі ў сакавіку 2006 г. прыватна прыехаў у Мінск, каб узяць удзел у пратэстах на Плошчы, яго арыштавалі разам з іншымі ўдзельнікамі намётавага мястэчка. І ўжо на Акрэсціна чалавек у цывільным пасля допыту нагадаў на развітанне: «Мы цябе і ў тваёй Польшчы дастанем».

Зрэшты, таямніцы суправаджаюць любую справу, у якой замешаныя асобы такога ўзроўню. Тым больш, калі справа гэтая настолькі інтымная.

«Гэта праўда, — прызнае Машкевіч у інтэрв'ю «Жэчпасполітай». — Жаніцьба з бацькам здавалася вельмі добрай ідэяй. Так лягчэй было атрымаць польскае грамадзянства, якое нам было трэба. Але, калі ласка, не пішыце, што гэта фіктыўны шлюб, бо мой бацька мог сапраўды ў яе закахацца. Можа быць, уся сітуацыя крыху шакавала афіцэраў ABW, якія паходзяць з невялікіх мястэчкаў і з'яўляюцца людзьмі кансерватыўнымі. Зрэшты, я й сам чалавек кансерватыўны».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?