Уладзімір Здановіч, адзін з распрацоўшчыкаў «Кодэкса аб адукацыі», аспрэчвае крытыкаў дакумента.

«НН»: Праект «Кодэкса аб адукацыі» ўжо паспелі раскрытыкаваць. Ці знаёмы вы з аргументамі апанентаў?

Уладзімір Здановіч: Канечне, знаёмы. Але крытыка, на мой погляд, не абгрунтаваная. Галоўнае абвінавачванне было ў тым, што ён страціў нацыянальную аснову. Але калі паглядзець змест, то ён цалкам нацыянальны. Ёсць такая прымаўка: «Колькі ні кажы халва, у роце саладзей не стане». Так і ў кодэксе, ад колькасці паўтарэнняў слова «нацыянальны» нічога не зменіцца. Трэба за кожным словам у гэтым дакуменце бачыць сваю краіну. У ім, між іншым, замацоўваецца права грамадзян на атрыманне адукацыі з улікам нацыянальных традыцый. Што можа быць больш нацыянальным?!

Уладзімір Здановіч — дэпутат парламента па Драгічынскай выбарчай акрузе. Узначальвае Пастаянную камісію па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе. Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, магістр педагогікі.

Узнімаюць праблему мовы. Колькасць нашых дзяцей, якія навучаюцца на беларускай мове, скарачаецца. Тут мы паўплываць не можам. Усё залежыць ад саміх людзей. Калі бацькі хочуць, каб іх дзеці навучаліся па-беларуску, дастаткова напісаць заяву ў навучальную ўстанову. І іх патрабаванне будзе выканана. Кодэкс паспрыяе развіццю і ўжыванню беларускай мовы менавіта ў сістэме адукацыі. Дзяржава гарантуе права выбару навучання і выхавання на адной з дзяржаўных моў і стварае ўмовы для рэалізацыі гэтага права. А прымусіць вывучаць беларускую мову нельга.

«НН»: Наракаюць на тое, што праект кодэкса абмяжуе дзейнасць няўрадавых арганізацый, якія ажыццяўляюць дадатковую адукацыю.

УЗ: Дадзены кодэкс прысвечаны сістэме адукацыі з боку дзяржавы ў першую чаргу. Бо дзяржава адказная за адукацыю сваіх грамадзян. Асноўнымі суб’ектамі адукацыйнага працэсу згодна з кодэксам з’яўляюцца ўстановы адукацыі, арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі, якім у адпаведнасці з беларускім заканадаўствам дадзена права ажыццяўляць адукацыйную дзейнасць. Калі дзяржаўная ці недзяржаўная арганізацыя атрымае ліцэнзію на такую дзейнасць, то хай працуе.

«НН»: Але атрымаць ліцэнзію пры сённяшніх патрабаваннях не кожная арганізацыя здолее. Патрабаванні аднолькавыя і для ўстановы адукацыі, і для курсаў, да пракладу, па развіцці асобы.

УЗ: Ёсць шмат жадаючых, якія хочуць ускочыць у вагон, не набыўшы білет. Гэтага кодэкс не дапускае. Што значыць, калі нехта не жадае атрымліваць ліцэнзію, але хоча прыехаць і правесці трохдзённы семінар? Нагаварыць невядома чаго і пры гэтым не паведамляць у Міністэрства адукацыі ці іншыя дзяржаўныя органы пра сваю дзейнасць? А потым з’ехаць і не адказваць за вынікі? Такога не павінна быць.

Адукаваць — гэта значыць мяняць светапогляд чалавека. А ў якім накірунку ён будзе змяняцца — гэта важна для дзяржавы.

«НН»: У праекце кодэкса гаворыцца, што педагагічную дзейнасць не могуць ажыццяўляць асобы, пазбаўленыя такога права. Але не ўказана, хто і за што можа пазбавіць яго. Ці не развяжа гэта рукі дырэктарам школ, рэктарам універсітэтаў у звальненні работнікаў без тлумачэння прычын?

УЗ: Ні ў якім разе. Справа ў тым, што ўсе гэтыя моманты адрэгуляваны працоўным заканадаўствам. Ёсць кантрактная форма працы. Ні ў якім выпадку дырэктар школы не будзе выдаваць так званы «воўчы білет», з якім чалавеку будзе забаронена займацца педагагічнай працай. Пазбавіць права займацца педагагічнай дзейнасцю можа толькі суд.

«НН»: Эксперты крытыкуюць праект яшчэ і за тое, што ён не прадугледжвае далейшага развіцця адукацыі. Маўляў, адукацыя толькі прагназуецца, што выключае магчымасць рэфармавання ў будучым.

УЗ: Прагназаванне і прадказанне — гэта як зайсці ў госці ў краіну мараў. Тым не менш, адкажу так: гэты кодэкс працуе на будучыню. Дзяржава прапануе сваім грамадзянам пэўны кірунак развіцця адукацыі. Калі гэты накірунак будзе прыняты і будзе рэалізоўвацца, то змены адбудуцца ва ўсім грамадстве.

Калі ўспомніць падзеі, якія адбываліся пару гадоў таму (пераход ад пяцібальнай да адзінаццацібальнай сістэмы ацэнкі, з адзінаццацігадовага да дванаццацігадовага навучання ў школе і назад), тыя ж апаненты крычалі, што ім рэформы надакучылі. А цяпер зноў патрабуюць рэформаў. Але мы бачым перспектывы развіцця, і перспектывы бачым у тым, каб стварыць кожнаму чалавеку ўмовы для атрымання адукацыі.

У кодэксе столькі новага, што ўсё пойдзе толькі на карысць чалавеку. І калі ўсе новаўвядзенні сабраць разам, то атрымаецца, што гэта даволі прагрэсіўныя падыходы ў нашай адукацыі.
Папракаюць, што мы не ўступілі ў Балонскі працэс. А што б ён нам даў?
Чаму мы гэтае пытанне не ставім? Бо ўступленне ў Балонскі працэс патрабуе пэўных рэформаў у сістэме адукацыі, у большасці не даючых ніякай карысці для дзяржавы. Тым больш, калі яны будуць ісці бясконца, то мы будзем бясконца трымаць у напружанні грамадства. Каму гэта патрэбна?

«НН»: Праект кодэкса пакуль не ўключаны ў разгляд падчас вясенняй сесіі парламента. Калі яго разгледзяць у Авальнай зале?

УЗ: Калі мы разглядалі яго на асенняй сесіі, то я папрасіў у старшыні парламента, каб нам далі магчымасць папрацаваць над праектам да восені 2010 года. Але мы настолькі ўцягнуліся ў працу, што яна можа быць завершана ў пачатку мая. Калі гэта адбудзецца, то тады мы накіруем яго на ўзгадненне ў Савет міністраў, у Цэнтр законапраектнай дзейнасці і ў Адміністрацыю прэзідэнта. Пры атрыманні адтуль станоўчых адказаў мы можам ужо на пачатку лета разглядзець яго ў другім чытанні.

Вольга Смалянка, юрыст:

— У праекце «Кодэкса аб адукацыі» няўрадавыя арганізацыі, акрамя ўстаноў адукацыі (ВНУ, ПТВ і г.д.), не згадваюцца як суб’екты адукацыйных адносін. У праекце гаворыцца толькі пра іншыя арганізацыі, які згодна з беларускім заканадаўствам маюць права ажыццяўляць адукацыйную дзейнасць, то бок адсылае да іншых нарматыўных актаў. У той час, як неаднаразова з боку распрацоўшчыкаў адзначалася, што кодэкс дазволіць завяршыць працэс фарміравання заканадаўства аб адукацыі як поўнай, лагічна паслядоўнай і эфектыўнай сістэмы прававых норм. Але калі не з’явіцца дадатковы нарматыўны акт, у якім будзе прапісана месца недзяржаўных арганізацый, то яны фактычна не змогуць займацца адукацыйнай дзейнасцю. Нават калі ролю няўрадавых арганізацый прапішуць у якасці суб’ектаў адукацыйнай дзейнасці, то для іх узнікае яшчэ адна пагроза — ліцэнзаванне. Пры сённяшніх патрабаваннях ні адна грамадская арганізацыя не зможа атрымаць ліцэнзію. Я лічу, што адна з мэтаў стварэння кодэкса — даць большы спектр дзейнасці для дзяржаўных арганізацый у адукацыйнай сферы. Але вялікае пытанне, ці змогуць дзяржаўныя ўстановы запоўніць усе нішы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?