У выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшла кніга з паэмамі Канстанціна Вераніцына «Тарас на Парнасе» і «Два д’яўлы». Творы друкуюцца ў аргынінале, з адлюстраваннем дыялекту мясцовасці, у якой жыў аўтар.
На пытанні «НН» адказвае ўкладальнік выдання Юрась Пацюпа.
«НН»: «Тарас на Парнасе» выйшаў у арыгінале. Гэта першая такая публікацыя?
Юрась Пацюпа: Было шмат варыянтаў, у якіх з’яўляўся «Тарас на Парнасе». І катэгарычна сцвярджаць цяжка, што гэта арыгінал. Праўда, я на гэтым настойваю. У такім выглядзе паэма друкавалася ў зборніку «Шляхам гадоў», але там твор быў неадаптаваны да сучаснага правапісу, не былі перададзены ўсе фанетычныя асаблівасці. У маёй публікацыі паэмы гэта ўсё перадаецца. Таму ў такім выглядзе паэма друкуецца ўпершыню.
«НН»: Па якім рукапісе друкаваўся тэкст цяпер?
ЮП: За аснову пакладзена публікацыя Віталя Скалабана ў кнізе «Шляхам гадоў». Ён узяў тэкст з архіва Мачульскага, які прывёз з Масквы. Ён цяпер захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Гэта машынапіс, зроблены з сшытка паэта Аляксандра Рыпінскага. А апошнім трымальнікам сшытка быў Міхаіл Петуховіч. Рыпінскі запісаў тэкст паэмы, які на сёння можна лічыць найбольш архаічным і лагічна паслядоўным.
«НН»: У чым выгляд гэтай публікацыі адрозніваецца ад рэдакцыі, у якой друкаваўся твор у савецкі час?
ЮП: Збольшага гэта той самы «Тарас на Парнасе». Але ў савецкі час дзве страфы не ўваходзілі ў твор, а адна страфа, як я лічу, была пазней дапісана. У тэксце, якія я ўзяў за аснову, яе не было. Адрозніваюцца асобныя радкі ў розных публікацыях. Паэма праходзіла праз мноства рук і кожны запісваў так, як яму дазваляла памяць, папраўляў згодна з сваім густам. І адзінага кананічнага тэксту няма. Парадаксальна тое, што мы думалі, быццам «Тарас на Парнасе» заўжды адзін. А пры параўнанні публікацыяў нават у савецкім друку выявілася, што бытавалі дзве паралельныя рэдакцыі твора.
«НН»: Дзве страфы выпалі з тэксту пры публікацыях у савецкі час. Гэта было зроблена з ідэалагічных прычын?
ЮП: Не. Мяркуйце самыя.
Вось нехта, сеўшы ў тарантасе,
На гару цягнецца тушком.
Знаць, любяць тых і на Парнасе,
Хто ездзіць конна, не пяшком.
Ідзецца гаворка пра расійскага пісьменніка Уладзіміра Салагуба, аўтара аповесці «Тарантас». Думаю, што тут нічога ідэалагічнага няма. Літаратурныя алюзіі чалавеку, незнаёмаму з расійскай літаратурай, былі незразумелыя. Яна магла быць выключана з гэтай прычыны. Яшчэ адна страфа выпала ў канцы паэмы.
Дый сварыцца будзе жонка,
Што дасюлечкі не йду.
Куды йсці, у яку старонку,
Калі дарогі не знайду?
Мо падалася занадта прыватнай? А страфа, якой не было ў тэксце, гучыць так:
Як прасвятлелі ўжо мае вочы,
Мядзведзяў я больш не ўвідаў.
Закінуў я стрэльбу за плечы
І па бакох глядзець я стаў.
Яна ў аўтара наўрад ці магла быць. Бо паўтарае тое, што было сказана вышэй. Калі сачыць за развіццём сюжэта, яна нічога не дадае.
А што да ідэалагічных момантаў, то яны былі. У паэме выпала слова «жыд», якое ў беларускай мове ніколі не несла адмоўнай канатацыі, а ў савецкі час яе набыло.
«НН»: У кнізе друкуецца і іншая паэма Канстанціна Вераніцына «Два д’яўлы». Што гэта за твор?
ЮП: Шырокаму колу твор невядомы, але той, хто скончыў філфак, ведае яго. Бо з канца 1980-х паэма ўваходзіць практычна ўва ўсе універсітэцкія хрэстаматыі. Гэты твор упершыню апублікаваў Віталь Скалабан у 1986 годзе. Паэма нічым не горшая за «Тараса на Парнасе». Проста, гэтаму твору менш пашанцавала. Яго запозна знайшлі.





