Сёлета Памінальная (Троіцкая або бацькоўская) субота пераносіцца з 22 мая на 15 мая. Пра гэта паведамілі ў Петра-Паўлаўскай царкве г.Мінска. Звязана гэта з прыпалым на гэтую дату днём святога Мікалая Цудатворцы.
Памінальны дзень усіх спачылых у праваслаўі як правіла адзначаецца ў суботу перад Тройцай. У гэты дзень у праваслаўных цэрквах адбываецца «ўсяленская паніхіда», падчас якой моляцца за спачын усіх праваслаўных хрысціян.
З нагоды пераносу бацькоўскай суботы царкоўныя служыцелі просяць падаваць памінальныя запіскі ўжо ў пятніцу 14 мая, калі ўвечары павінная адбыцца адмысловая памінальная служба.





