ГУУС Мінгарвыканкаму завёў блог у livejornal.com, а таксама акаунт на twitter.com. Цяпер тут будзе размяшчацца самая важная інфармацыя ад сталічных праваахоўнікаў.

«Усім добрага часу сутак. З нашым з’яўленнем у блогасферы байнэту з’явіўся новы гулец на інфармацыйным полі: ГУУС Мінгарвыканкама. З гэтага часу ў гэтай ЖЖшцы будзе размяшчацца найбольш важная інфармацыя (з нашай пункту гледжання) ад мінскай міліцыі (з сайта guvd.gov.by). Таксама падобная інфармацыя будзе дублявацца і ў твітэры: twitter.com / GUVD_Minsk!» Гэта першы допіс у дзённіку ГУУС Мінгарвыканкаму, заведзеным у livejornal.com.

Як і варта таго было чакаць, дэбют сталічнай міліцыі ў благасферы не быў абдзелены ўвагай. Першы ж допіс сабраў больш за сотню каментароў, далёка не кожны з якіх быў добразычлівы. Міліцэйскія блогеры, як выглядае па іх адказах у каментарах, апынуліся падкаванымі ў спецыфічнай інтэрнэт-тэрміналогіі: іх мова яўна не грашыць пратакольнасцю, мадэратары не цураюцца слэнгу, актыўна ўжываюць смайлікі. Стваральнікі блогу не хаваюць, што ў пэўным сэнсе гэта эксперымент. На прадказальную рэакцыю блогераў яны ў першых жа каментарах адказалі так: «Дзякуй за пажаданні ўдачы! Мяркуючы па каментах, яна нам не зашкодзіць;). Дарэчы, церці каменты не будзем хутчэй за ўсё. Хаця складана сказаць — гэта нашыя першыя нясмелыя спробы асвоіцца на інфармацыйнай прасторы. Сэнс нашага з’яўлення просты: калі афіцыйная інфармацыя будзе важная і патрэбная тутэйшым карыстальнікам, мы будзем посціць. Калі не — блог зачахне і памрэ».

Падобныя ініцыятывы ўзнікалі ў суседніх краінах. Так, напрыклад, у ЖЖ з’явілася расійская міліцыя. Але, як сведчаць расійскія блогеры, доўга гэты эксперымент не пратрываў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?