Пра гэта заявіў у інтэрв’ю Радыё Свабода.

«Як Вы ацэньваеце пачатак прэзыдэнцкай кампаніі і як бачыце свой удзел у гэтым працэсе?

Пазьняк: Выбараў у Беларусі даўно няма. Існуе прафанацыя. Поўны кантроль рэжыму над вынікамі галасаваньня. Створана антыдэмакратычная працэдура і сыстэма фальсыфікацыі. Перамога альтэрнатывы ў такой сыстэме выключаецца. Удзел альтэрнатывы ў такіх выбарах дае аргумэнты рэжыму, каб назваць выбары дэмакратычнымі, стварае прыход электарату.

Рацыянальны момант удзелу ў выбарах у тым, што гэта дае магчымасьць (хоць і вельмі абмежаваную) фіксаваць парушэньні заканадаўства і ставіць пытаньне аб міжнародным непрызнаньні выбараў за дэмакратычныя.

Але гэта тупіковая сытуацыя, пры якой нелегітымны рэжым (тэарэтычна) можа існаваць вечна.

Практычна гэта можа скончыцца тым, што Захад прызнае нелегітымны рэжым, зыходзячы са сваіх інтарэсаў (паколькі ўсё залежыць ад Захаду). Гэтак жа сама як »хітрая» палітыка рэжыму з Усходам і Захадам заканамерна мусіць прывесьці да аб’яднаньня заходняй і ўсходняй палітыкі ў дачыненьні да Беларусі. Гісторыя паказала, што гэта ёсьць самая злавесная камбінацыя для нашага нацыянальнага лёсу.

Наша фронтаўская пазыцыя палягае на тым, што дыктатуру нельга ліквідаваць дэмакратычнымі мэтадамі на выбарах (і тым больш на рэфэрэндумах). Выбары — гэта зброя дыктатуры, прылада яе ўлады. Трэба стварыць умовы, каб аслабіць гэтую зброю і потым скарыстаць.

Нашая палітыка, якую мы мэтадычна праводзім ужо доўгі час і якая ўжо дае плён — гэта аддзяліць электарат ад рэжыму, пазбавіць рэжым падтрымкі людзей, стварыць умовы для антырэжымнай кансалідацыі народу і стварэньня крытычнай масы грамадзкай альтэрнатывы. Гэта дасягаецца праз сыстэматычны байкот выбараў. Гэта шлях разгорткі грамадзкага змаганьня.

Посьпех усьвядомленага байкоту выбараў у верасьні 2008 году (прыйшло галасаваць толькі 30‑35 адсоткаў выбарцаў) прымусіла рэжым экспэрымэнтаваць супраць байкоту.

Зьмянілі заканадаўства для мясцовых выбараў (зьнялі мяжу колькаснага ўдзелу) і трапілі ў пастку. У красавіку сёлета прыйшло галасаваць ня больш 25 адсоткаў выбарцаў. Але ж трэба крычаць пра «ўсенародную падтрымку». Тады паведамілі, што галасавала 80 адсоткаў, а за дэпутатаў рэжыму прагаласавалі 90‑97 адсоткаў (як пры Сталіне). Але ж участкі былі пустыя, і ўсе ўжо гэта ведаюць.

Заявы некаторых асобаў аб пачатку сваёй выбарчай кампаніі выявілі ўсе старыя стэрэатыпы (цалкам фальшывыя). Адзін з прэтэндэнтаў так і заявіў, што будзе дзейнічаць паводле пляну сваёй прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году.

Паколькі сілы, якая змагла б перамагчы дыктатуру, скарыстаўшы фальшывыя выбары, яшчэ не існуе ў грамадзтве, — выбары трэба байкатаваць, каб рыхтаваць такую сілу.

Днямі ў Нью‑Ёрку адбылася прэзентацыя новай кнігі Зянона Пазьняка «Цяжкі час» (другога тома «Канцэпцыі новага Беларускага Адраджэння»).

Цалкам тэкст гутаркі чытайце тут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0