У чацвёрты раз у Кіеве ўкраінцы і беларусы абуліся ў лыжы і супольна пабеглі па асфальце. Гэтак, вясёлым флэш-мобам, адкрыўся фэст сучаснай беларускай культуры ««Білоруська весна», якая пройдзе ва Ўкраіне з 10 да 22 траўня.
У рамках «Білоруської весни-2010» у Кіеве, Харкаве, Львове і Івана-Франкоўску адбудуцца выставы рэпартажнай фатаграфіі Belarus Press Photo 2010, відэапаказы, майстар-класы выцінанак ад мастачкі Лоры Янушчык, прэзентацыі адзінага недзяржаўнага беларускамоўнага каналу Belsat TVды яшчэ шмат чаго.
«Білоруська весна»-2008 |
Разынкаю фэсту зробіцца адкрыццё «Беларускай паліцы». Сутнасць праекту — наладзіць распаўсюд кніг незалежных беларускіх выдавецтваў, даць украінскаму чытачу магчымасць пазнаёміцца з самымі цікавымі і паспяховымі беларускімі аўтарамі апошніх гадоў. Наведнікі ўкраінскіх кнігарняў «Є« па ўсёй Украіне змогуць пабачыць, пагартаць і набыць мастацкія, а таксама некалькі публіцыстычных выданняў, якія пабачылі свет у выдавецтвах «Логвінаў», «Галіяфы», «Медысонт» і ўваходзяць у серыі кніг «Кнігарня «Наша Нівы», «Галерэя Б», «Кнігарня Пісьменніка», або паўсталі на базе культуралагічнага часопіса «pARTisan».
«Гэта акурат тая колькасць, якая змяшчаецца на стандартную паліцу кнігарні», — тлумачыць арт-дырэктарка кіеўскай кнігарні «Є» Юлія Стахіўска. — Кнігі і альбомы мы з беларусамі выбіралі супольна, арыентуючыся на чытацкі поспех тых ці іншых выданняў ці аўтараў на радзіме і па-за межамі Беларусі».
Для прэзентацыі праекта ў 5 украінскія гарады выправяцца колькі беларускіх літаратараў, чые кнігі ўваходзяць у «Беларускую палічку»: Уладзімер Арлов, Андрэй Хадановіч, Віталь Рыжкоў, Сяргей Прылуцкі, Павал Касцюкевіч, Вольга Бабкова, Барыс Пятровіч, Алеся Башарымава, да іх далучыцца перакладчык беларускай літаратуры і вялікі сябар нашай краіны Сашко Ірванец.
Арганізатары — творчая ініцыятыва «Білоруський десант» — называюць «Білоруську весну» «фэстывалем партызанскай культуры», бо сучасная беларуская культура часцяком змушаная дзеяць з глыбокага падполля.
Расклад падзеяў па ўсіх украінскіх гарадах, навіны, здымкі, паролі ды яўкі, шукайце на сайце belarus.org.ua
.