Ці дажыве Беларусь сінявокая™ да 2011 году?

Поспехі маладой дзяржавы ў цэнтры Еўропы ў будаўніцтве незалежнай суверэннай дзяржавы не выклікаюць у астатніх нічога, акрамя зайздрасці. Зайздрасць — ціхі, схаваны і не заўсёды верыфікаваны працэс. Цяжка прадказаць, у што ён выльецца на міжнародным узроўні.

Зрэшты, паняційны апарат для ўразумення гэтага тэксту цікаўныя могуць знайсці самастойна, у А. А. Амальрыка.

Разгледзім нейкі не вельмі фантастычны варыянт развіцця падзей. Натуральна, з папраўкай на будучую палітычную кампанію.

Агульны ўнутраны фон: рэзкае пагаршэнне эканамічных умоў, рэальная інфляцыя ў першым паўгоддзі большая за 16%, рэгулярна даражэюць прадукты харчавання, бензін, паслугі ЖКГ, павялічваюцца мытныя пошліны і акцызы, рэзка падаюць даходы ад традыцыйных артыкулаў экспарту. Зніжэнне рэальных даходаў абумоўлена таксама масавым пераводам работнікаў на скарочаны працоўны дзень або адпраўленнем у неаплатныя адпачынкі, замарожваннем і / або зніжэннем заробкаў у дзяржсектары.

Агульны міжнародны фон: скачкападобны рост замежных запазычанняў, усё большы ціск краін-крэдытораў, недавер да ўрада з боку інвестараў, патрабаванні звонку цалкам перагледзець асноўныя прынцыпы ўнутранай палітыкі, г.зн., скараціць дзяржаўныя выдаткі, правесці прыватызацыю ў шэрагу галін, зрэзаць сацыяльныя праграмы, павялічыць пенсійны ўзрост. Плюс фактычны разрыў з галоўнымі саюзнікамі і спонсарамі.

Песімістычны сцэнар: улады ідуць на жорсткія стабілізацыйныя меры, у адказ пачынаюцца лакальныя акцыі пратэсту, якія, па магчымасці, спыняюцца сіламі аховы парадку. Прафсаюзы вагаюцца і не могуць доўга ўтрымліваць работнікаў ад забастовак, спачатку пад эканамічнымі, а потым і палітычнымі лозунгамі. Першай ластаўкай становіцца ўсеагульны 24-гадзінны страйк, які паралізуе большую частку краіны, зачыняюцца дзяржаўныя ўстановы, спыняецца рух самалётаў, цягнікоў і аўтатранспарта.

Напружаная атмасфера пагаршаецца наяўнасцю ў краіне т.зв. «спячых» экстрэмісцкіх груповак і ячэек, якія бяруць на сябе арганізацыю масавых гвалтоўных дзеянняў. Крызіс згуртоўвае мясцовых ультра, і дапамагае ім пашырыць свае шэрагі за кошт проста незадаволенай рабочай моладзі і вечна незадаволенай інтэлігенцыі і / або студэнцтва.

Фактар медыя: яшчэ да пачатку агульнанацыянальнай палітычнай кампаніі СМІ суседніх дзяржаў пачынаюць узгоднена і незычліва асвятляць падзеі, якія ў нас адбываюцца. Усё большы паток крытычнай інфармацыі не можа застацца без увагі. Цікаўнасць і скандальнасць, не ў апошнюю чаргу, забяспечваюцца масіраваным злівам кампрамату на вышэйшых службовых асобаў. У чацвёртым квартале (кастрычнік) у СМІ адбываецца ўцечка інфармацыі аб аднаўленні «газавай вайны», тэма дамінуе у агульнанацыянальнай выбарчай кампаніі.

Еўропа выказвае заклапочанасць. Суседзі Беларусі сінявокай™, якія перажываюць рэнесанс узаемаадносін, заяўляюць, што ў прымежных ПСГ дастаткова газу, каб забяспечыць своечасовыя пастаўкі на ўзроўні наяўных дамоўленасцяў, аж да пачатку эксплуатацыі магістралі «Паўночны паток». Еўропа вітае дальнабачнасць РАТ «Газпром»™.

Уваходзіць (з крыкам «замежжа!») «далёкі ад апазіцыі» кандыдат-папуліст пад лёзунгамі «Я вярну цяпло і грошы ў вашыя дамы», «Беларусь — краіна, адкрытая свету», «Нам няма чаго дзяліць з суседзямі» і г.д. Раскрутка кандыдата-папуліста ў інтэрнэце і па мабільнай сувязі (сацыяльныя сеткі, нерэгістраваныя ў Беларусі рэсурсы, бла-бла-бла), спадарожнікавае тэлевяшчанне, «сарафаннае» радыё. Кандыдат-папуліст і члены яго каманды пад ціскам вуліцы выбіваюць сабе права ўдзельнічаць у перамовах па газе і транзіце. Пасля змрочнага (без грошай і ацяплення) Новага года, за два тыдні да выбараў прэса аб’яўляе іх віноўнікамі поспеху.

Заслона

Аптымістычны сцэнар: акурат над ім працую.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?