Міжнародны камітэт футбольных асацыяцый (IFAB) — адзіны орган, які можа ўносіць змены ў правілы гульні, — забараніў падманныя рухі, якія гулец робіць непасрэдна перад адзінаццаціметровым ударам з мэтай заблытаць варатара.

«Пенальцісты» болей не змогуць спыняцца перад мячыкам, вытрымліваць паўзу для таго, каб паглядзець, у які бок кінецца вартаўнік варотаў. Фінты дазваляюцца толькі падчас разбегу.

У адваротным выпадку футбаліст рызыкуе атрымаць жоўтую картку за неспартовыя паводзіны, а пенальці давядзецца перабіць.

Навіна ўступае ў сілу 1 чэрвеня і, гэткім чынам, яна будзе дзейнічаць ужо на палях Паўднёвай Афрыкі ў часе чэмпіянату свету 2010 года.

Апроч гэтага, на сваім пасяджэнні IFAB зацвердзіў папраўку пра абавязкі чацвёртага арбітра, які дагэтуль усяго толькі сачыў за ходам заменаў.

Адгэтуль значэнне гэтага рэферы шматкроць узрасце. Ён мусіць дапамагаць галоўнаму суддзю кантраляваць ход матчу ў адпаведнасці з правіламі гульні, асаблівую ўвагу надаваць інцыдэнтам у штрафных пляцоўках.

«Сёння ён гэтаксама важны, як і тыя арбітры, што знаходзяцца на полі», — адцеміў генеральны сакратар IFAB Джэрам Вальке, паведамляе BBC.

Адізнаццаціметровы ўдар з’явіўся ў 1891 годзе, яго яшчэ называлі «ўдар смерці». Біць яго спярша можна было з любой кропкі на адлегласці 12 ярдаў. Прыдумка належыць ірландцу Джону Пенальці. Пра Джона забылі, а слова «пенальці» ведае кожны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?