Брытанскі віцэ-прэм’ер Нік Клег абвясціў рэферэндум па пытанні рэформы выбарчай сістэмы і абмежаванні апарата кантролю.

Крыху больш за тыдзень таму, пасля ўтварэння кааліцыі кансерватараў і ліберал-дэмакратаў, лідэр апошніх, палітык, што ва ўрадзе Дэвіда Кэмерана адказвае за рэформы, выклаў карты на стол.

Паводле словаў Клега, прапанаваныя змены супастаўныя з вялікай рэформай 1832 г., калі выбарчыя правы былі значна пашыраныя на вялікую колькасць грамадзянаў, у той час як раней імі карысталіся толькі арыстакратыя і землеўладальнікі.

— Урад зробіць так, што дзяржава будзе мець значна менш кантролю над вамі, а вы займееце больш кантролю над дзяржавай, —
сказаў Клегг. Паводле газеты The Independent, можна гаварыць пра «пераварот ва ўладзе».

Віцэ-прэм’ер пацвердзіў, што ў найбліжэйшыя 5 гадоў будзе праведзены рэферэндум па рэфармаванні выбарчай сістэмы. Калі брытанцы зробяць выбар на карысць зменаў (пакуль не зразумела, якіх менавіта), пачнецца пераход ад сістэмы большасці з аднамандатнымі выбарчымі акругамі; гэтая сістэма перадугледжвае, што краінай па чарзе кіруюць дзве вялікія партыі. Малыя ж, нават калі за іх галасуюць мільёны людзей, застаюцца змаргіналізаванымі.

Клег сказаў, што Палата абшчынаў займее акрэслены тэрмін склікання, які складзе 5 гадоў, а прэм’ер-міністр не зможа прызначаць выбары на зручны для яго партыі час, як рабіў да гэтага. Палата лордаў, частку якой да гэтага часу складаюць спадчынныя пэры, будзе цалкам або пераважна абірацца ўсеагульным галасаваннем; па гэтым пытанні ў Вялікабрытаніі спрачаюцца з 1999 году.

Паводле Клега, урад мае намер даць грамадзянам права здымаць чальца парламента ад іх выбарчай акругі, калі ён здзейсніць сур’ёзнае правапарушэнне, а таксама абяцае перагляд Крымінальнага кодэкса, скарачэнне спісу злачынстваў, скасаванне абмежаванняў у дачыненні да права на дэманстрацыі.

Віцэ-прэм’ер паведаміў таксама пра абмежаванне створанага за апошнія 13 гадоў апарату кантролю і назірання за грамадзянамі. «Адабранне ў людзей іх свабоды не зрабіла вуліцы бяспечнейшымі», — сказаў Клегг.

Урад таксама хоча адмовіцца ад пасведчанняў асобы і біяметрычных пашпартоў другога пакалення і ліквідаваць базы дадзеных ContactPoint, якія змяшчаюць падрабязную інфармацыю пра больш чым 11 мільёнаў непаўналетніх, што жывуць у Англіі.

Клег паабяцаў, што ўрад будзе змяняць на карысць грамадзян правілы захоўвання электроннай пошты (кантроль за інтэрнэтам быў наладжаны на хвалі барацьбы з тэрарызмам) і запісаў з камераў, усталяваных на вуліцах, — дзякуючы лейбарыстам у Вялікабрытаніі іх больш за ўсё ў свеце — больш за 4,2 мільёна, або адна на 14 грамадзян.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?