Я даведаўся пра гэтага чалавека гадоў пяць таму, калі пабачыў у адной з залаў гродзенскага музея сталых людзей з кветкамі. Тое было незвычайна: прыманне школьнікаў у піянеры з прамовамі ветэранаў і кветкамі сярод музейных экспанатаў адышло ў мінулае. Падышоў да іх, загаварыў. Аказалася, што вось ужо больш за дваццаць гадоў Леанід Галавач з сястрой і дзецьмі прыходзіць у музей у дзень смерці свайго бацькі Хведара Раманавіча, брата расстралянага ў 1930‑я пісьменніка Платона Галавача. Прыходзіць да фотаздымка ў музеі, бо не мае іншага месца ўшанаваць памяць пра бацьку.

 Хведар Галавач у 1941 г.

Хведар Галавач у 1941 г.

Жыццё Хведара Галавача вартае літаратурнага твора. Вартае найперш сваёй трагічнай звычайнасцю, бо такіх лёсаў было вельмі шмат, і менавіта праз іх адлюстроўваецца дарога ўсёй нацыі.

Пра яго лёс хацеў напісаць аповесць Васіль Быкаў, яшчэ калі жыў у Гродне. Нават, казаў спадар Леанід, пачаў быў рабіць накіды.

Хведар быў на два гады старэйшы за Платона. Братам прыйшлося нясоладка ў дзяцінстве, калі памерла іх маці. Хлопчыкі, пакуль былі малыя, падаліся ў вясковыя пастушкі. А як падраслі, абодва рушылі ў горад. Платон зрабіўся пісьменнікам, Хведар жа працаваў дарожным майстрам спачатку ў Бабруйскай акрузе, а пасля на Палессі. З братам ён падтрымліваў адносіны аж да ягонага арышту.

Расстрэл Платона Галавача дзіўным чынам не зачапіў Хведара. Аднак у параўнанні з тым, што давялося яму перажыць пасля, гэта наўрад ці можна назваць удачай. У 1939 годзе ён быў мабілізаваны на Фінскі фронт і пасля восем гадоў не здымаў вайсковай формы. У красавіку 1942 года з дзясяткамі тысяч салдатаў разгромленага немцамі Крымскага фронту ён трапіў у палон. Далей былі дзесяць месяцаў за калючым дротам, уцёкі з чарговага лагера ва Уладзіміры‑Валынскім у лютым 1943‑га. Ужо ў сакавіку Хведар Галавач далучыўся да партызанаў. Заканчэнне вайны не прынесла палёгкі. Да брата рэпрэсаванага пісьменніка, які да таго паспеў трапіць у нямецкі палон, улада ставілася насцярожана.

Урэшце, у 1946‑м Хведара накіравалі кіраўніком дарожнага аддзела ў Гродзенскі раён.

На Гродзеншчыне ў гэты час ішла сапраўдная грамадзянская вайна. Не верыцца, калі апошнія сведкі тых падзеяў расказваюць, як на вуліцах амаль вымерлых цяпер вёсак грукаталі стрэлы. Ахвярамі гэтай неаб’яўленай вайны радзей станавіліся непасрэдныя ўдзельнікі — «бандыты» ці савецкія сілавікі. Найчасцей гінулі старшыні сельсаветаў, настаўнікі, службоўцы з ліку такіх самых беларусаў, толькі з Усходу.

Бралі на прыцэл «лясныя браты» і Хведара. Але Галавачу шанцавала. Некалькі разоў яго перахоўвалі сяляне. Зразумела, не праз нейкую прыхільнасць да савецкай улады, проста, як заведзена ў рэлігійных лю¬дзей, заступаліся за таго, каму пагражае небяспека. Дый большасць паважала маўклівага начальніка дарожнага аддзела, бо справай таго было не агітаваць за калгасы, а будаваць дарогі і масты.

Але здарылася тое, што было наканавана. Хведар Галавач знік ля лясной вёсачкі Рыбніца восенню 1950 года. Цела яго так і не адшукалі, а спадар Леанід успамінае, як яго, адзінаццацігадовага хлапчука, некалькі разоў вазілі на апазнанне напалову раскладзеных чалавечых парэштак…

Чаму варта ўспомніць Хведара Галавача?

Толькі таму, што ён быў братам знакамітага пісьменніка ці таму, што мог стаць героем аповесці класіка нацыянальнай літаратуры? Канечне ж, не. Проста вельмі хочацца яшчэ раз успомніць аб пакаленні, якое расло дзеля таго, каб будаваць «шыпшыну‑Беларусь», але загінула ў полымі сталінскіх чыстак, сусветнай вайны і неаб’яўленай вайны грамадзянскай.

Сёння Леанід Галавач дамагаецца ад гарадскіх і раённых уладаў дазволу за ўласныя грошы ўсталяваць у Рыбніцы, дзе загінуў яго бацька, памятную шыльду або знак. Чыноўнікі складаюць адпіскі, справы да даўняй і звычайнай у тыя часы трагедыі ім няма. Такая шыльда на маленькай лясной чыгуначнай станцыі была б напамінам пра трагедыю ўсіх беларусаў, якіх цягам усяго ХХ стагоддзя прымушалі знішчаць адно аднаго.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?