Прыватныя інтэрнет‑правайдэры звярнуліся ва ўрад з просьбай урэгуляваць сітуацыю на тэлекамунікацыйным рынку Беларусі. Тэкст калектыўнага звароту ў электронным выглядзе распаўсюдзіла PR‑агенцтва ЕТС, якое займаецца PR‑падтрымкай аднаго з буйных прыватных правайдэраў.

У сваім лісце правайдэры звяртаюць увагу на манапольнае становішча РУП «Белтэлекам» у сферы доступу ў інтэрнет. Паводле іх інфармацыі, нацыянальны аператар электрасувязі, знізіўшы кошт доступу толькі для сваіх абанентаў, адначасова «ўстанавіў загараджальныя механізмы для зніжэння кошту доступу ў інтэрнет на рынку ў цэлым».

Правайдэры падкрэсліваюць, што гэтая палітыка паслядоўна праводзіцца »Белтэлекамам» апошнія два гады. »За гэты перыяд кошт для ўласных абанентаў РУП «Белтэлекам» знізіўся ў 10—13 разоў і складае 100 тысяч пры хуткасці доступу 1 Мбіт/сек. Разам з тым для аператараў электрасувязі за гэты ж перыяд кошт знізіўся ў тры разы і з улікам усіх скідак складае 1 млн. 130 тысяч рублёў з улікам ПДК.

Гэта значыць у 11 разоў больш, чым кошт аналагічнай паслугі для абанентаў РУП «Белтэлекам», — гаворыцца ў лісце.

Розніца ў кошце, які самастойна ўстанаўліваецца «Белтэлекамам» для абанентаў і аператараў электрасувязі, «не дазваляе гульцам на рынку тэлекамунікацый, якія канкуруюць з РУП «Белтэлекам», эфектыўна сфарміраваць свае прадуктовыя прапановы. Гэта з’яўляецца бар’ерам для зніжэння кошту доступу ў інтэрнет на рынку ў цэлым, падкрэсліваюць аўтары ліста.

Паводле ацэнкі правайдэраў, калі сітуацыя не будзе ўрэгулявана, то на працягу найбліжэйшых паўтара года тэлекамунікацыйная галіна Беларусі «недаатрымае амаль 1 трлн. рублёў у выглядзе інвестыцый і можа страціць прыкладна 20 тысяч працоўных месцаў».

У прэс‑службе «Белтэлекама» БелаПАН гэты зварот назвалі »папулізмам» і паставілі пад сумненне некаторыя выкладзеныя ў ім факты, у прыватнасці тыя, што тычацца колькасці персаналу, занятага ў прыватных правайдэрскіх кампаніях.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?