Міністэрства эканомікі Беларусі накіравала ў Адміністрацыю прэзідэнта план мерапрыемстваў па далейшай лібералізацыі эканомікі.
Аб гэтым сёння на семінары для беларускіх парламентарыяў, прысвечаным падтрымцы і развіццю малога і сярэдняга бізнесу, паведаміў намеснік міністра эканомікі Анатоль Філонаў.

У ліку мерапрыемстваў плана — удасканаленне механізмаў прыватызацыі дзяржмаёмасці, скарачэнне пераліку ліцэнзуемых відаў дзейнасці з 53 да 38. Акрамя таго, магчыма звужэнне сферы дзяржрэгулявання цэн. Мінэканомікі таксама перадала і прапановы па Дырэктыве нумар 4.

Анатоль Філонаў таксама паведаміў, што дзякуючы мерам па лібералізацыі плануецца да 2015 года павялічыць долю малога і сярэдняга бізнесу ў ВУП да 30 працэнтаў (у 2009‑м — 11,4 працэнта).

На гэты момант, паводле даных Міністэрства па падатках і зборах, у краіне на ўліку знаходзяцца больш як 80,6 тыс. суб’ектаў малога прадпрымальніцтва (юрыдычных асоб). У параўнанні з аналагічным перыядам 2009 года іх колькасць узрасла на 14,5 працэнта, а з пачатку года — на 2,5 працэнта. У сферы малога бізнесу па выніках 2009 года працавала 20,4 працэнта людзей, занятых у эканоміцы. У мінулым годзе суб’екты малога прадпрымальніцтва вырабілі 9,1 працэнта ад агульнага аб’ёму прамысловай вытворчасці (у 2008‑м — 8,4 працэнта).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?