Як паведаміла прэс‑сакратар фестывалю Дар’я Візнер, удзел у тэатральным форуме, які будзе доўжыцца па 30 мая, возьмуць калектывы з Бельгіі, Латвіі, Польшчы, Расіі, Славеніі, Украіны, Эстоніі. Акрамя таго, на фестываль са сваімі апошнімі прэм’ерамі прыедуць усе беларускія тэатры.

Аматары лялечнага тэатра атрымаюць магчымасць убачыць пастаноўкі для дзяцей «Хітрая лісічка і дурны воўк» у выкананні калектыву з Рыгі (Латвія), «Спячая прыгажуня» (Талін, Эстонія), «Папялушка. Урыўкі з яе дзённіка», «Дзюймовачка» (у некаторых беларускіх вёсках кажуць Цалёвачка, Любляна, Славенія). Лялечны тэатр з Беластока (Польшча) возьме ўдзел у фестывалі са спектаклем «Фасад», расійскі тэатр з Кемерава — з пастаноўкай «Яўген Анегін», тэатр з Санкт‑Пецярбурга — са спектаклем «Ігра ў чатыры рукі».

У праграму фестывалю таксама ўключаны спектаклі «Антыгона» (Палтава, Украіна), «Лялечны балаганчык» і «Дон Жуан у Венецыі» (Архангельск, Расія), «Жанчына‑Крумкач» (Сэнт‑Віт, Бельгія).

Беларускія калектывы прывязуць на фестываль пастаноўкі: «Русалачка» (Брэст), «Кветачка‑вясёлка» (Віцебск), «Жывая вада» (Гомель), Poison (Магілёў), «Канёк‑гарбунок» (Маладзечна), «Магiчнае люстра пана Твардоўскага» (Гродна) і «Чаму старэюць людзi?» (Беларускі дзяржаўны тэатр лялек, Мінск).

Як паведаміла Дар’я Візнер, тэатральныя пастаноўкі ў рамках форуму будуць праходзіць на чатырох пляцоўках Мінска — у Беларускім дзяржаўным тэатры лялек, Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Максіма Горкага і Новым тэатры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?