У Беларусі скарочаны пералік тавараў, якія адносяцца да нехарчовай прадукцыі з утрыманнем спірту, да якіх ужываюцца меры дзяржаўнага рэгулявання пры ажыццяўленні іх абароту. Пры гэтым індывідуальныя прадпрымальнікі і юрасобы атрымалі права імпартаваць і прадаваць оптам выключаныя з пераліку тавары без ліцэнзіі. Адпаведнае рашэнне прынята пастановай Савета міністраў № 696 ад 7 мая 2010 года.

Як паведаміла прэс‑служба ўрада, з пераліку тавараў, якія адносяцца да нехарчовай прадукцыі з утрыманнем спірту, да якіх прымяняюцца меры дзяржаўнага рэгулявання пры ажыццяўленні іх абароту, выключаны масла эфірнае, рэзіноіды, экстрагаванае эфірнае масла з аб’ёмнай доляй этылавага спірту 7 і больш працэнтаў у спажывецкай тары (ўпакоўцы), максімальны аб’ём якой складае 25 мл; духі, адэкалоны, туалетная і духмяная вада ў спажывецкай тары (ўпакоўцы), максімальны аб’ём якой складае 150 мл, наборы такой прадукцыі — 450 мл.

У лік выключаных таксама ўваходзяць касметычныя сродкі для догляду за скурай (акрамя лекавых): сродкі для ачысткі скуры твару, ласьёны, тонікі, маскі ачышчальныя і іншыя аналагічныя сродкі з аб’ёмнай доляй этылавага спірту 7 і больш працэнтаў у спажывецкай тары (ўпакоўцы), максімальны аб’ём якой складае 250 мл, набораў такой прадукцыі — 450 мл. Акрамя таго, выключаны са спісу сродкі для ўмацавання і ўкладкі валасоў, хімічнай і халоднай завіўкі валасоў, фіксацыі прычоскі і іншыя аналагічныя сродкі з аб’ёмнай доляй этылавага спірту 7 і больш працэнтаў у спажывецкай тары (ўпакоўцы), максімальны аб’ём якой складае 500 мл; эліксіры для паласкання і духмяныя саставы для поласці рота з аб’ёмнай доляй этылавага спірту 7 і больш працэнтаў у спажывецкай тары (ўпакоўцы), максімальны аб’ём якой складае 300 мл; ласьёны пасля галення, дэзадаранты і антыперспіранты індывідуальнага прызначэння ў спажывецкай тары (ўпакоўцы), максімальны аб’ём якой складае 250 мл, набораў такой прадукцыі — 450 мл.

Да набыцця моцы пастановы № 696 юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі мелі права ажыццяўляць увоз названай прадукцыі пры наяўнасці ліцэнзіі на імпарт такой прадукцыі, а юрыдычныя асобы — аптовы гандаль імі, але пры наяўнасці спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі) на дзейнасць. З прыняццем гэтай пастановы такія патрабаванні не распаўсюджваюцца на абарот пералічаных тавараў. Адпаведна, юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі цяпер маюць права ажыццяўляць імпарт і аптовы гандаль згаданай нехарчовай прадукцыяй з утрыманнем спірту без наяўнасці адпаведных спецыяльных дазволаў (ліцэнзіі), растлумачыла прэс‑служба ўрада.

Марына Носава, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?