Шрэк назаўжды (Shrek Forever After)

ЗША, 2010, каляровы, 93 хв, 3-D

Рэжысёр: Майк Мітчэл

Жанр: Анімацыйна-казачныя прыгоды

Адзнака: 6 (з 10)

Зялёны Шрэк, які абзавёўся з Фіёнай трыма дзеткамі, стаміўся ад тлумнай славы і сямейных клопатаў. Дзеці пішчаць, турысты пнуцца за аўтографам, а Кот і Восьлік штодзень лезуць у госці. Шрэк марыць хаця бы дзень пабыць сапраўдным злым ограм і згаджаецца на дамову з хітрым карузлікам Румпельшціцхенам. У выніку небарака трапляе ў альтэрнатыўную рэальнасць, дзе карузлік захапіў усю ўладу, на ограў палююць, а Шрэк нават незнаёмы з любай Фіёнай. На выпраўленне сітуацыі — суткі.

Апошняя серыя пра цельпукаватага волата дэманструе крызіс огра сярэдняга веку, агаломшвае прыгодамі а-ля «Назад у прышлае» і цешыць старымі героямі — у новых формах.

Слынны Кот у ботах да непрыстойнасці атлусцеў, гаваркі Восьлік — схуднеў (але не згубіў балбатлівых здольнасцяў), а Фіёна займела жалезную амуніцыю і цэлую армію ограў-падпольшчыкаў.

Новыя нягоднікі — гнюсны карузлік са зграяй ведзьмаў, што бясконца танчаць на каралеўскае дыскатэцы. На экране – дробна-навязлівая дыктатурка, пакараная героямі, традыцыйныя казачна-фізіялагічныя жарцікі дый ахайныя рамесніцкія прыгоды.

Не, Шрэк, канешне, огр. Але пасля столькіх серый можна і адпачыць.

Кінатэрміны

Усе фільмы

Кінатворцы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?