Ла-Беф у «Індыяна Джонс і Каралеўства крышталёвага чэрапа»

Амерыканскі актор Шыа Ле-Беф выбачыўся за сваю ігру ў «Індыяне Джонсе і Каралеўстве крышталёвага чэрапу», дзе, на яго думку, граў ён «не закасаўшы рукавы», акторка Катрын Хігль лічыць, што яе камедыя «Крышку цяжарная» (2007) прыніжае жанчынаў, амерыканскі сцэнарыст Джэй Дзі Шапіра прызнаўся, што ўблытаўся ў вытворчасць найгоршай стужкі дзесяцігоддзя «Поле бітвы — Зямля» толькі каб «пазнаёміцца з прыгожымі дзяўчатамі». Беларускія акторы не адстаюць ад раскаяных амерыканцаў: акторка Паліна Сыркіна прызнаецца, што пасля паказу фільма «Кадэты» ёй таксама было сорамна. Пра новы галівудскі і беларусьфільмаўскі трэнд — прасіць прабачэння за сваю кінематаграфічную працу піша Ліза Кавальчык.


Шыя Ле-Беф

1. Акты самаспалення

Ле-Беф — толькі адно імя ў гэтым доўгім спісе актораў і сцэнарыстаў (і нават рэжысёраў), якія замест таго, каб прасоўваць свой твор на кінарынку, робяць яму шкоду, раскайваючыся ў здзейсненым перад шырокай публікай. Ну, можа, не заўсёды раскайваюцца, але прынамсі прызнаюцца ў шматлікіх хібах уласнага кінапрадукту, зусім забываючы тым разам дадаць, якое гэта задавальненне зняцца ў фільме такім і такім, і якая гэта асалода працаваць з рэжысёрам такім і такім.

Раней, у 80-я і 90-я, феномен раскаянняў у кінаіндустрыі меў абсалютна іншыя канфігурацыі: акторы ганілі ўласныя фільмы пасля выхаду пладоў іх творчасці на экран, і то па вялікім часе — праз некалькі гадоў (а то і дзесяцігоддзяў). Цяпер — іншая мода, лютая дазвання: стужка выходзіць амаль адначасова з публічнымі выкрывальніцкімі заявамі актораў і рэжысёраў наконт уласных кінавысілкаў.


Сандра Балак

Прыклад? У сакавіку гэтага года да прэстыжнага клуба раскаяных далучылася Сандра Балак — яна наведала цырымонію ўручэння «Залатой Маліны». Нагадаем, прызы «Залатая Маліна» прызначаюцца самым найгоршым і самым недарэчным кінапрацам году. Замест абурэння і абражаных мінаў за сябе таленавітую, Сандра адважылася выйсці на ганебную сцэну і нават прадэманстраваць зайздросную самаіронію. Яна нават захапіла з сабой на сцэну колькі копіяў камедыі «Усё пра Стыва» (2009), які прынёс ёй тытул «Самай горшай акторкі 2009 года». Вядома, гледачы не дачакаліся ад яе сакральнага «sorry», але пасля прамовы самаму някемліваму кінаману стала зразумела, што Балак лічыць тую камедыю ў сваёй кар’еры збыткоўнай. Відаць, Сандрава каянка мела плён:

Балак зрабіла гісторыю літаральна якія суткі пасля «Залатой Маліны», калі стала першай, хто атрымаў за адзін год як оскараўскую статуэтку, так і малінавую фігурку.

сцэна з фільма «Поле бітвы — Зямля»

Сапраўды, Сандра Балак зрабілася гваздом праграмы сёлетняй «Залатой маліны», але яна была не адзіная, хто запаліў той вечар. Гэта мы пра сцэнарыста Джэй Дзі Шапіру, аўтара апакаліптычна-фантастычнага «Поля бітвы — Зямля» (2000) з Джонам Траволтам у галоўнай ролі. Фільм зняты паводле рамана пачынальніка саенталогіі Л. Рона Хабарда. Стужку прызналі найгоршай кінапрацай за апошнія 10 гадоў. Траволта сумнеўнай цырымоніі ўнікнуў, а вось Шапіра вырашыў узяць агонь на сябе, узброіўшыся прачулай прамовай. Але выбачальнага спічу Шапіру падалося замала, і ён — на пацеху амерыканскаму грамадству — надрукаваў доўгі артыкул у «Нью-Ёрк Пост» пра свой удзел у ці не самым ганебным праекце ў гісторыі кінематографа», назваўшы свой артыкул «Я зрабіў самую паскудную кінастужку ў свеце, прабачце».


Джэй Дзі Шапіра - уладальнік прыза «Залатой маліны» за найгоршы фільм дзесяцігоддзя

«Я зусім не думаў што выйдзе гэтак», — піша Шапіра, адрасуючы словы тым гаротнікам, якім «пашчасціла» пабачыць «Поле бітвы». Потым Шапіра ці то жартам, ці то сур’ёзна патлумачыў, што ўблытаўся ў гэты шэдэўр адно праз свой інтарэс да дзяўчат, калі наведваў саенталагічную царкву, адно каб «пазнаёміцца з прыгажунямі» (Дарэчы, з чаго, можна зрабіць выснову, што працэс стварэння фільмаў часцяком цікавейшы, чым канцавы прадукт).


Брэт Піт у ролі Ахілеса

2. Сам не глядзеў і вам не раю

Фільм паводле паэмы Гамера «Троя» таксама пацярпеў ад сваіх стваральнікаў: 77-гадовы актор Пітэр О’Тул, які граў ролю Прыяма, назваў фільм «катастрофай», рэжысёра Вольфганга Пэтэрсана ахрысціў «блазнам», і дадаў, што «паглядзеў толькі 15 хвілінаў стужкі і пайшоў прэч». Феномен нежадання глядзець уласныя працы не новы: актор Майкл Кейн, удзельнік акулавых жарсцяў «Сківіцы-4» прызнаўся, што фільма з уласным удзелам яму глядзець не давялося. Гэта не зашкодзіла сказаць Кейну: «Але я чуў, што гэта паскудны фільм».

Мікі Рурк таксама не вагаўся пра сваё цёмнае мінулае, і прызнаў (яшчэ ў 1991 годзе!), што «Харлі-Дэйвідсан і Каўбой Мальбара» (1991) — «дурнаваты і пазбаўлены глыбіні фільм», і таксама заявіў, што не мае намераў пераглядаць той шэдэўр у будучыні.


Меган Фокс

Завяршым замежную секцыю пачаткам, то бок акторам Ле-Бефам. Ён хоць і пляжыў «Індыяну Джонс», але іншага блакбастэра, свой галоўны акторскі набытак, сіквэл «Трансформеры: Помста» не чапаў. Аднак гэтага пункту сваёй кар’еры не прапусціла Меган Фокс, якая таксама выконвала там галоўную ролю. Фокс, параўнаўшы метады працы рэжысёра Майкла Бэя з гітлераўскімі, прызналася, што яна «хоць і з’яўляецца ў кадры, і чытала сцэнар, і бачыла сам фільм, але так да канца не ўцяміла, што ў тым фільме адбываецца». Дарэчы, кінакампанія «Парамаунт», рыхтуючыся да працягу стужкі, вывела яе з акторскага складу, а Ле-Бефа пакінула. Можа, сапраўды лепей маўчаць і цягнуць усмешку?


Паліна Сыркіна ў стужцы «Кадэт»

3. Беларусам (амаль) не сорамна

У Беларусі вы не пачуеце публічных прызнанняў ад нашых дзеячаў кінамастацтва, што ўласны фільм — правальны, а сюжэт — бездапаможны, хутчэй наадварот. Аднак ёсць і выключэнні: прылюдна ў недасканаласці ўласнай працы прызналася маладая акторка Паліна Сыркіна. Гутарка вядзецца пра кінафільм пра забойства старшыні сельсавета ў паваеннай Беларусі - «Кадэт» (2009). Фільм аўтарства Віталя Дудзіна, ціха-мірна прайшоў на беларускіх экранах, але яшчэ да беларускай прэм’еры Паліна Сыркіна мужна прызналася, што на здымках ёй самой і яе паплечнікам не ставала досведу, і што ў іх не атрымалася сыграць «цяжэйшую драму».

Адна з прычынаў — не было магчымасці зрабіць другі дубль.

Сорамна ж за свой фільм кінаакторцы зрабілася адразу пасля прэм’еры «Кадэта» ў Кіеве. (Там, дарэчы, украінцы ушанавалі фільм дыпломам «За найлепшы акторскі ансамбль»).

«Да жалю, я мусіла прысутнічаць на гэтым паказе, — прызналася Сыркіна падчас дыскусіі , якая адбылася летась у газеце «Беларусь Сегодня». — Вы ведаеце, гэта была такая пакута. Я ж выдатна разумею ўсе мінусы гэтага прадукту, які мы выпусцілі, на вялікі жаль, кіно атрымалася нуднае. Я бачыла, як пакутаваў Занусі на праглядзе. Потым было сорамна проста прыйсці на абед у гасцініцу, бо я несла адказнасць за гэтую стужку».

Потым у сваёй прамове Паліна Сыркіна не забыла заганіць айчынную прэсу, якая, на яе думку надта пяяла беларускаму фільму хвалу і нават меркавала, што заслугоўвае «Оскара». Прыпячатала сваю споведзь мужная акторка спрадвечна беларускім: «Вось і атрымалася, што атрымалася».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?