Некалі ў букіністычнай краме трапіў у рукі томік «Выбраных твораў» Пушкіна. Гэта быў зборнік перакладаў, які выйшаў у Мінску ў 1949 годзе — да 150 годдзя з дня нараджэння расійскага класіка. Маю ўвагу прыцягнула не толькі тое, што кніга выдадзена па‑беларуску. Прывабіла вокладка. На сінім фоне — рэльефны профіль паэта ў медальёне і ўнізе выціснуты залатымі літарамі факсімільны подпіс: «А. Пушкинъ».

Але галоўнае адкрыццё чакала мяне, калі я разгарнуў томік і прачытаў: «Афармленне кнігі мастака Е.Тарас». Не адразу ўцяміў, што гэты мастак — мой дзед Яфім Тарас. (Тады пісалі Еўгені Онегін, Ефім.)

Сёлета 25 мая споўнілася 100 гадоў з дня яго нараджэння.

Дзядуля Фіма

Калі я нарадзіўся, у Яфіма Тараса — дзядулі Фімы — была ўжо новая сям’я, даволі вялікая. Першая яго жонка, мама майго бацькі, памерла яшчэ да вайны. Мы жылі асобна. Бачыўся я з дзядулем зрэдку — пару разоў на год і ведаў яго не надта блізка.

Але мне пашчасціла некалькі разоў бачыць дзядулю за працай у хатняй майстэрні (хоць ён не любіў, калі за ім назіралі). Гэта быў сапраўдны цуд. Дзядуля мог адным рухам рукі намаляваць алоўкам на ватмане ідэальную акружнасць. Асабліва добра яму даваліся мініяцюры, прамалёўка самых дробных дэталяў.

Яфім Мікалаевіч Тарас скончыў знакамітую мастацкую вучэльню ў Віцебску (тады ўжо тэхнікум), сярод выкладчыкаў якой быў, напрыклад, Юлій Пэн. Яшчэ да вайны дзед рабіў ілюстрацыі — да кніг Міхася Зарэцкага, Максіма Лужаніна, «Выбранага» Янкі Купалы і Якуба Коласа. Маляваў ён і плакаты. Бацька не аднойчы расказваў, як некалі дзядуля намаляваў плакат з выявай грашовых аблігацый. Яны былі выпісаны настолькі дасканала, што нехта іх…выразаў нажніцамі. Гэта стала сямейным апокрыфам.

А вось факт. Падчас вайны афіцэр Яфім Тарас трапіў у вайсковую разведку, дзе вырабляў фальшывыя дакументы — ды так, што акупанты ні разу не змаглі адрозніць іх ад сапраўдных…

Назаўжды запомніў апошнія дзядулевы дні , калі яго ненадоўга выпісалі з бальніцы пасля цяжкай і безнадзейнай аперацыі. Памятаю, які ён быў худы… Так што мой бацька мог браць яго на рукі, як дзіцёнка. Пазней ён напіша верш «Памяці бацькі», у якім ёсць такія радкі: «Працінала мне сэрца зімняя бель шпітальных бінтоў, прасцін, і было адчуванне дзіўнае, што не бацька ён мой, а сын!…»

Гронка вінаграда

Цяжкая хвароба была выкліканая, безумоўна, вялікім няшчасцем. У 70‑я дзядуля Фіма працаваў на мінскім камбінаце Мастацкага фонду — рабіў сувеніры і макеты на заказ. Не ведаю дакладна, што там здарылася — мне, падлетку, мала пра гэта казалі, а распытаць сваякоў не хапіла духу. Па абвінавачанні ў эканамічным злачынстве мастак у самым росквіце творчых сіл трапіў у калонію. Прабыў ён там не так і доўга — вызваліўся датэрмінова. Але хапіла, што называецца, да скону жыцця.

Раней у яго ў доме часта было шмат гасцей — сяброў і знаёмых, у тым ліку вядомых мастакоў. Але пасля вяртання былыя «сябры» пра яго нават не ўспаміналі. Дзядуля Фіма памёр у лютым 1981‑га…

Ёсць старая байка, ледзве не антычных часоў, пра тое, як мастакі зладзілі спаборніцтва. Адзін з іх намаляваў гронку вінаграда так натуральна, што на яе зляцеліся птушкі. Жывапіс, вядома, не зводзіцца да падабенства. Гэта не фотаздымак. Але ж у няўмелых руках і электронная фатаграфія — усяго толькі шматпіксельная выява. Акрамя таленту, мастак павінен мець здольнасць сумленна і карпатліва працаваць. Гэта ўмеў мой дзядуля.

Мне ж, па шчырасці, у дзяцінстве падавалася, што ён — не зусім сапраўдны мастак. Бо не маляваў жывапісных палотнаў. А інкрустацыі, разьба па дрэве, тым больш, плакаты — хіба гэта мастацтва?

Плакаты і шакалад

Ужо ў дарослым веку давялося наведаць выставу славутага чэшскага мастака Альфонса Мухі. У музеі ягонага імя ў Празе выстаўлена толькі малая частка твораў — у асноўным карціны «славянскага цыклу», тэатральныя плакаты, пано. А на той часовай выставе можна было бачыць і ўсё, чым мастак заваяваў сабе славу ў Парыжы яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя. Гэта паштоўкі, маркі, этыкеткі ў стылі арт‑нуво для самых розных тавараў — ад запалак і шампанскага да шакалада і дзіцячага харчавання «Нестле».

Наколькі мне вядома, Яфім Тарас намаляваў некалі эскіз этыкеткі папулярных шакаладных цукерак «Мишка на Севере». Яе іх выпускалі многія фабрыкі ў СССР. Але ў 1995 годзе марку прысвоіла кандытарская фабрыка імя Крупскай у Санкт‑Пецярбургу. (У расійскай Вікіпедыі аўтарам дызайна цукерак называюць мастачку гэтай фабрыкі Лук’янаву. Але дастаткова зірнуць на яе саладжавы малюнак медзвеняці на абгортцы, каб пераканацца, што ў ім няма нічога агульнага з тым суворым драпежнікам на льдзіне ў святле водбліскаў палярнага ззяння, якім ён застаўся на старых фанціках).

Так ці інакш, мой дзед быў часткай сваёй эпохі, быў і ёсць часткай гісторыі мастацтва. На шчасце, Беларускі саюз дызайнераў па ініцытыве старшыні Змітра Сурскага сабраў калекцыю савецкіх беларускіх плакатаў, сярод якіх ёсць і работы Яфіма Тараса. (Частку іх можна бачыць на сайце БСД plakat.tut.by).

Ёсць задума сёлета ўвосень, у сувязі са стагоддзем мастака, правесці яго выставу ў Саюзе дызайнераў. Да ўсіх, хто захоча дадаць да гэтай імпрэзы экспанаты, звязаныя з імем Яфіма Тараса — малюнкі, фатаграфіі, дакументы, газетныя выразкі ‑‑ асабістая просьба далучацца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?