Навуковая лабараторыя «Фенікс» на Марсе перастала функцыянаваць. Спроба НАСА ўсталяваць сувязь з апаратам вынікаў не дала.

Пра гэта паведамілі ў лабараторыі рэактыўнага руху (Пасадэна, Каліфорнія), якая кантралюе апараты на Марсе.

— «Фенікс» вельмі дапамог у даследаваннях і працаваў даўжэй за меркаваны тэрмін эксплуатацыі, — паведаміў супрацоўнік лабараторыі Фок Лі. Нягледзячы на тое, што праца касмічнага апарату ўжо скончаная, вывучэнне інфармацыі пра дзейнасць навуковай лабараторыі працягнецца яшчэ некаторы час.

Кантакт з «Феніксам» перарваўся ў лістападзе 2008 году. У студзені, лютым і красавіку гэтага году НАСА беспаспяхова спрабавала аднавіць сувязь з лабараторыяй.

Мяркуецца, што «Фенікс» спаралізавалі суровыя марсіянскія зімы. На здымках, зробленых на станцыі Марс-Адысей, бачныя змены ў размяшчэнні ценю ад апарата ў параўнанні з перыядам яго актыўнай дзейнасці. Эксперты НАСА прыйшлі да высновы, што гэта паказвае на ўтварэнне тоўстага пласта лёду на панэлі сонечных батарэяў. Мяркуючы па ўсім, лёд пашкодзіў або разбурыў панэлі.

«Фенікс» здзейсніў пасадку на Чырвоную планету 25 мая 2008. Замест трох месяцаў, запланаваных лабараторнымі даследаваннямі, якія каштавалі $475 млн, ён прапрацаваў пяць. «Фенікс» перадаў на Зямлю каля 25 тысяч здымкаў. З яго дапамогай былі знойдзеныя два мінералы, паказваючы, што ў мінулым на Марсе была вада.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?