Расія і Казахстан на двухбаковай аснове 1 ліпеня ўвядуць у дзеянне Мытны кодэкс Мытнага саюза, пры гэтым дакумент адкрыты для падпісання Беларуссю. Пра гэта паведаміў прэм'ер-міністр РФ Уладзімір Пуцін, які 28 мая ў Санкт-Пецярбургу сустрэўся са сваім казахстанскім калегам Карымам Масімавым. Кіраўнік беларускага ўрада Сяргей Сідорскі на перамовы не прыбыў.

«Мы дамовіліся ўвесці ў дзеянне на двухбаковай аснове з 1 ліпеня Мытны кодэкс Мытнага саюза. Мы адкрыты для далучэння Беларусі да ўсіх пагадненняў і рашэнняў, прынятых у межах другога этапа фармавання Мытнага саюза», — прыводзіць словы Пуціна РІА Новости.

Ён таксама паведаміў, што Расія і Казахстан дамовіліся ўвесці ў дзеянне 1 ліпеня іншыя міжнародныя дагаворы, што прымаюцца ў мэтах развіцця палажэнняў Мытнага кодэкса: «Намі сёння падпісаны адпаведны міжнародны дагавор, які дае магчымасць рухацца да больш глыбокай інтэграцыі, калі спатрэбіцца, на двухбаковай аснове. У падпісаным намі дакуменце вызначаны парадак прымянення на двухбаковай аснове ўсёй дагаворна-прававой базы другога этапа Мытнага саюза».

Гаворачы пра Беларусь, Пуцін заявіў: «Мы прымаем да ўвагі рознагалоссі з Беларуссю, што засталіся ў частцы парадку выплаты вывазных мытных пошлін, у тым ліку на сырую нафту, нафтапрадукты, і негатоўнасць беларускіх калег увесці раней узгодненыя мытныя пошліны і пайсці на ўвядзенне ў дзеянне другога этапа Мытнага саюза з 1 ліпеня».

Расійскі прэм'ер падкрэсліў, што гэтае пытанне адносіцца да фармавання Адзінай эканамічнай прасторы і не звязана з запускам механізмаў Мытнага саюза.

Пуцін таксама заявіў, што Расія і Казахстан будуць уваходзіць у СГА ўдваіх, калі Мінск не далучыцца да дагавораў Мытнага саюза. «Як толькі Беларусь у сябе ўнутрыправавыя працэдуры закончыць узгадняць, спадзяюся, у гэты ж момант дакументы падпіша, і мы будзем рухацца ў трохбаковым фармаце. Калі не адбудзецца далучэнне, будзем рухацца ўдваіх», — заявіў кіраўнік расійскага ўрада.

Прэм'ер-міністр Казахстана паведаміў, што пераходны перыяд па ўмовах увозу аўтамабіляў грамадзянамі краін — удзельніц Мытнага саюза будзе дзейнічаць да моманту падпісання спецыяльнага пагаднення ў межах АЭП.

У Расіі дзейнічаюць фактычна забаронныя мыты на ўвоз патрыманых іншамарак, у Беларусі для фізічных асоб устаноўлены аблегчаны мытны рэжым. Тры краіны дамовіліся на пераходны перыяд пакінуць ранейшы рэжым увозу аўтамабіляў.

Расія і Казахстан таксама дамовіліся аб стварэнні часовага судовага органа ў межах Мытнага саюза на двухбаковай аснове са штаб-кватэрай у Астане. «Для вырашэння судовых спрэчак, якія могуць узнікаць у гаспадарчым жыцці, без гэтага немагчыма, мы дамовіліся стварыць часовы судовы орган на двухбаковай аснове з месцам размяшчэння ў Астане», — сказаў Пуцін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?