Беларусаў можна адшукаць дзе заўгодна, асабліва калі справа тычыцца Расіі. Часам у гэта не верыцца самому і часам робіцца з гэтага смешна. Але ж на тое мы і землякі, што павінны праяўляць салідарнасць адно з адным.

Знаёмцеся:

Наталля Церашкова, 24 гады, з-пад Баранавіч, грала ролю «харошай дзяўчыны» Іры Шышковай у серыяле «Школа».
Даведаўся, і не паверыў вачам.

Яшчэ інтэрвію: http://www.intex-press.by/ru/795/50/3534/

Цудоўная работа ў цудоўным серыяле. Спадзяемся ўбачыць Наталлю і ў беларускіх праектах.

А вось што кажа Аляксандра Рабёнак, якая грае настаўніцу фізікі Наталлю Мікалаеўну, выконвае цэнтральную настаўніцкую ролю ў серыяле:

«У мяне тата родам з Беларусі, гэта ад яго такое гучнае прозвішча. Мне пашанцавала, бо прозвішча і зрабілася маёй мянушкаю: ніхто не стаў напружвацца і выдумваць штось для мяне.»

Настаўніцу расійскай літаратуры ў фільме грае Елена Папанава, дачка славутага савецкага актора, напаўбеларуса Анатолія Папанава.

І гэта сапраўды паказальная карціна. Паводле афіцыйнага перапіса 2002 г. у Расіі пражывае 800 тысяч беларусаў, што на траціну менш за дадзеныя паводле перапіса 1989 г., пры тым, што за гэтыя гады, здаецца, больш беларусаў прыехала ў Расію, чым з’ехала з яе.

Людзей з беларускімі каранямі кшталту Аляксандры Рабёнак ці Елены Папанавай у Расіі мільёны,
але нават на перапісе яны (нават напалову беларусы) рэдка пазначаюць беларускую нацыянальнасць — што й казаць пра захаванне беларускай культуры ў побыце. Энтузіясту Алегу Рудакову атрымалася ажывіць цэлы пласт нашчадкаў беларусаў у Іркуцку, цэлую атлантыду беларусаў у Сібіры.

***

Што да самога серыяла, чый паказ скончыўся на мінулым тыдні адначасова з пачаткам школьных вакацый, казаў ужо і скажу яшчэ раз: у Расіі кіно здымаць не развучыліся, проста трэба ведаць, што глядзець. А глядзець трэба не «Стомленыя сонцам-2», а серыял «Школа», «Ліквідацыю» ці хаця б нядаўні фільм «Кандагар» пра расійскіх лётчыкаў, якія апынуліся закладнікамі маджахедаў у пачатку 90-х.

Творчасць Валерыі Гай Германікі — серыял «Школа» і (у меншай ступені) фільм «Усе памруць, а я застануся» адначасова і прыцягвае, і адштурхоўвае. Усе героі вельмі чалавечныя, ні пра якога нельга сказаць, што гэта пазітыўны альбо негатыўны персанаж, кожны робіць то правільныя, то няправільныя учынкі.

Не ведаю, наколькі сучасная школа падобная да таго, што паказана ў «Школе» і не ведаю, ці варта глядзець гэты серыял цяперашнім школьнікам (хаця чаго саромецца, калі яны ўсё гэта больш-менш бачаць у рэальным жыцці), але

для мяне гэты фільм у першую чаргу нагода для настальгіі.

Ды і як не аддасціся настальгіі па даўгіх школьных гадах, раз няма магчымасці больш у іх вярнуцца! Па старэйшых класах, па школьнай дыскатэцы, розных прыгодах са зніклымі класнымі журналамі ці школьнымі турпаездкамі. Героі серыяла амаль на 10 гадоў маладзейшыя за нас, яны пайшлі ў школу тады, калі мы яе ўжо заканчвалі — але дух школы перададзены ўсё той жа, такія ж настаўнікі, парты, калідоры, такія ж дурныя школьныя святы і бацькоўскія сходы. Германіка — як раз чалавек нашага пакалення, таму гэта напэўна ў большай ступені фільм пра нас, пра шкаляроў дзевяностых гадоў, войн «рэпераў» і «металістаў», а не пра сённяшніх шкаляроў, дзяцей тлустых пуцінскіх гадоў.

Як міла чуць з экрану слэнг! :) Наш стары-добры расійскі тынэйджэрскі слэнг, «каароче, типа, ну ты чё», які Марыйка Мартысевіч у сваёй рэцэнзіі кранальна назвала «дзікім, канцэнтраваным маскоўскім дыялектам». Я да гэтага часу з некаторымі школьнымі сябрамі размаўляю на ім :)

Забаўна ўявіць сабе: як маладыя героі якой-небудзь «Аперацыі Ы» гавораць з экрану з інтанацыяй сённяшніх пажылых людзей, так і праз 50 гадоў некаторыя пенсіянеры будуць гаварыць «слышь, чувак, ну, типа, это, каароче».

Таксама было цікава ўпершыню глядзець на сітуацыі ў фільме хутчэй вачыма бацькоў або настаўнікаў, лавіць сябе на думцы, што разважаеш хутчэй з іх перспектывы, а не ад асобы вучняў. Глядзець, як героі фільма «Усе памруць, а я застануся» п’юць і паляць у школьнай прыбіральні і чуць ўласную думку «дзеткі, мілыя, ну што ж вы робіце!»

Некалькі гадоў таму я быў назіральнікам на выбарах у Маскоўскую гарадскую думу і мне давялося пайсці з настаўнікамі-членамі камісіі з пераноснай урнай па кватэрах галасавалі на даму. Як жа было назіраць, як не зусім маладыя настаўніцы паміж сабой вялі сябе амаль як дзеці, відавочна праглядаліся звычкі вучняў, перанятые настаўнікамі, як быццам настаўнікі за межамі класа і не на ўвазе ў дзяцей самі становяцца дзецьмі. Яшчэ адно гэткае прывітанне з свету школьнага дзяцінства, такога, здавалася б, нядаўняга, але пакінутага ўжо так далёка ў мінулым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?