Расійскае Прымор’е ўжо другі тыдзень прыцягвае ўвагу сусветных СМІ. Там аб’явілася група маладзёнаў, якая нападае на міліцыянераў. Іх затрыманнем на дадзены момант займаюцца 1300 міліцыянераў.
У аперацыі задзейнічаныя браневікі і верталёты.

За апошнія два тыдні далёкаўсходнія «партызаны» здзейснілі як мінімум тры напады на міліцыянераў, у выніку якіх адзін супрацоўнік праваахоўных органаў быў забіты, яшчэ трое атрымалі раненні. Па адной з версій, мясцовыя жыхары помсцяць міліцыі за здзекі.

На дадзены момант міліцыі ўдалося затрымаць толькі аднаго пасобніка злачынцаў, які перадаваў ім харчаванне.

Паведамляецца, што тыя, каго шукае міліцыя, узброеныя аўтаматамі. Таксама ў іх з сабой ёсць паляўнічыя стрэльбы, пісталеты, выбухоўка, гранаты і радыёстанцыя.

Устаноўленыя асобы пяці ўдзельнікаў банды. Але не выключана, што іх можа быць і больш.

Самаму старэйшаму ў групоўцы, Раману Мурамцаву, 32 гады. Астатнім ад 18 да 22 гадоў — гэта Раман Саўчанка, Аляксандр Коўтун, Аляксандр Салодкіх і Андрэй Сухарада.
Большасць з іх — жыхары пасёлка Кіраўскі Кіраўскага раёна Прымор’я.

Першы напад на праваахоўныя органы адбыўся 27 мая ў Дальнярэчэнскім раёне, у вёсцы Ракітна. Міліцыянер быў забіты з агнястрэльнай зброі проста ў сваім кабінеце. Злачынцы абрабавалі аддзяленне, забралі зброю, міліцэйскую форму і скралі машыну. Праз два дні ў Якаўлеўскім раёне краю адбыўся напад на патрульную машыну — па ёй была выпушчаная чарга з аўтамата. Адзін з супрацоўнікаў міліцыі быў паранены ў твар і шыю. А ў ноч на 8 чэрвеня ў раёне вёскі Хвалынка Спасаўскага раёна была абстраляная машына ДПС. У тым інцыдэнце два міліцыянеры атрымалі раненні. Па ўсіх фактах нападаў ўзбуджаныя крымінальныя справы.

Злачынцы не адразу рашыліся на напады. На пачатку мая ў АУС Якаўлеўскага і Арсен’еўскага раёнаў прыйшлі ананімныя лісты з патрабаваннямі спыніць «бязмежжа» міліцыянтаў, пракурораў і суддзяў.
У адваротным выпадку абяцалася жорсткая помста. Праз два тыдні невядомыя падпалілі пост міліцыі ў вёсцы Варфаламеўка.

Паводле расійскіх СМІ, групоўку ўзначальвае Мурамцаў — афіцэр ПДВ і ўдзельнік баявых дзеянняў у Чачні. Сярод астатніх салдат тэрміновай службы, які уцёк з вайсковай часткі, а таксама маладыя людзі, што прытрымліваюцца экстрэмісцкіх поглядаў. Сваякі падазраваных кажуць, што іх сыны помсцяць міліцыянерам за збіццё.

Бацька аднаго з удзельнікаў прыморскай банды, Уладзімір Саўчанка, гаворыць, што

«да крайнасці дзяцей давяло бязмежжа ў дзяеннях міліцыі Кіраўскага раёну». Па яго словах, напярэдадні ўсёй гэтай гісторыі яго сына затрымалі міліцыянеры, абвінавацілі хлопца ў дачным крадзяжы і сталі выбіваць прызнанне.
Па словах Саўчанкі, жыхары пасёлка Сухарада і Каўтун таксама пацярпелі ад дзеянняў міліцыі.

Тым часам, у сетцы з’явіўся зварот ад саміх «партызанаў», якія прадставіліся «рускім баявым атрадам Рамана Мурамцава, ветэрана баявых дзеянняў у Чачні». Як паведамілі аўтары паслання, яны «ліквідавалі аператыўніка МУС» за «зверствы ў адносінах да мірнага насельніцтва» і спалілі аддзяленне міліцыі ў вёсцы Варфаламееўка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?