15 чэрвеня a 17-й гадзіне ў галерэі «Ракурс» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбудзецца ўрачыстае адкрыццё ІІ Мінскай міжнароднай біенале сучаснага жывапісу «COLORFEST».

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Нацыянальная бібліятэка Беларусі і грамадскае аб’яднанне «Міжнародная гільдыя жывапісцаў». Галоўны куратар праекта — мастак Фёдар Ястраб.

Мінская міжнародная біенале сучаснага мастацтва «Colorfest» адбудзецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ўжо другі раз. Гэты мастацкі праект спрыяе стварэнню станоўчага іміджу Беларусі на еўрапейскай мастацкай прасторы, падтрымлівае аўтараў, якія ствараюць работы інавацыйнай, артыстычнай якасці. «Colorfest» з’яўляецца дэманстрацыяй тых відавочных змен, якія пад уплывам штодзённай рэчаіснасці адбываюцца ў жывапісе.

У гэтым годзе ўдзел у біенале возьмуць мастакі з Беларусі, Украіны, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Італіі, Расіі і інш. Яны прадставяць больш за 140 работ у рознай тэхніцы выканання. Ганаровым госцем IІ Мінскай міжнароднай біенале сучаснага мастацтва выступіць Рафаэль дэ Роза, італьянскі мастак, уладальнік Гран-пры«Colorfest-2008». Яго персанальная выстаўка размесціцца ў галерэі «Панарама».

У межах праекта будзе арганізаваны конкурс, вынікі якога падвядзе аўтарытэтнае Міжнароднае журы на чале з народным мастаком Беларусі Гаўрыілам Вашчанкам. Пераможцам будуць уручаны дыпломы.

Экспазіцыя «Colorfest» будзе разгорнута ў галерэях «Атрыум», «Ракурс», «Лабірынт» і «Панарама». Выстаўка працягнецца да 13 жніўня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?