Кахаймася! «Cэкс у вялікім горадзе». Злева-направа: Міранда, Саманта, Шарлота, Кэры
«Сэкс у вялікім горадзе», «Сябры»/Friends, «Сайнфeлд» — ото былі серыялы! Піша Ліза Кавальчык.

«Cэкс у вялікім горадзе — 2», які выйшаў цяпер на беларускія экраны, расчароўвае, бо адзінае, што хаваецца за немачным сцэнаром — гэта спекуляцыі на былой славе і непрыхаваная рэклама турыстычных і гандлёвых брэндаў. Гераіні, чатыры бескампрамісныя ў пытаннях сэксу нью-юркаўкі, згубілі па дарозе сваю дзёрзкасць і выклік грамадству ды зрабіліся... як усе.

Але выхад сіквэлу — самы час папрыгадваць пра шыкоўнае мінулае: серыялы канца 90-х і пачатку 2000-х, што зрабілі рэвалюцыю на тэлебачанні і ў галовах людзей: «Сэкс у вялікім горадзе», «Сябры»/Friends, «Сайнфeлд».

У сярэдзіне 90-х прыспеў час для новых серыялаў. Рэйтынгі мыльных опер імкліва падалі, людзям надакучыла бачыць бясконцыя сямейныя разборкі пазашлюбных дзяцей ад пятай жонкі і растанні-сыходжанні Ідэн і Круза. На попыт годна адказала амерыканская тэлекампанія NВС і кінакампанія «Браты Ўорнэры» – выпусцілі некалькі новых серыялаў. Іхнія героі, пераселеныя з шыкоўных вілаў у звычайныя гарадскія кватэры, менш за ўсё думалі пра сямейныя повязі, і больш — пра праблемы ўладкавання сваёй цяпершчыны, не забываючы пры гэтым на занядбаную ў 80-х самаіронію. Чым серыялы канца 90-х і пачатку 2000-х адрозніваюцца ад мыльных опер 80-х? Па-просту кажучы, чым «Сэкс у вялікім горадзе» адрозніваецца ад «Санта Барбары»?


Толькі «Сябры». Злева направа: Чэндлер, Рэйчел, Рос, Моніка, Джоўі, Фібі
1. Каханне — нішто, сяброўства — усё.
Каханкі ў Кэры, Саманты, Міранды, Шарлоты з’яўляюцца і сыходзяць, а нязмушаная гутарка, «як гэта было», вакол століка ў нью-ёркскай кавярні застаецца. Раптам на першае месца ў серыялах 2000-х выходзіць сяброўства, і цяпер іхныя героі больш за ўсё на свеце баяцца пакрыўдзіць менавіта сваіх таварышоў. І, як паказвае прыклад «Сяброў», сябры маюць патэнцыял зрабіцца каханкамі (Рэйчэл і Рос) і нават супружнікамі, як тое здарылася з Чэндлерам і Монікай пры канцы серыялу. Дарэчы, і самыя папулярныя серыялы апошняга года 2000-х: «Д-р Хауз» і «Тэорыя вялікага выбуху» пайшлі па слядах менавіта прасякнутых духам таварыства папярэднікаў.

І, вядома, зацыкленасць на чатырох героях: І ў «Сайнфелдзе», і ў «Сэкс-гародку» прадукуюць менавіта гэтую колькасць галоўных дзеючых асобаў, а дакладней, галоўных тыпажоў. У «СуВГ» гэта: мройная зануда, іранічная разумніца, гуллівая бязладніца і цікаўная дасціпніца. Не, пачакайце: у «Сябрах» галоўных герояў усё ж шэсць, але прынцып вы зразумелі — стаўка на абмежаваную колькасць яркіх асобаў, а не на неспадзяваныя выкрыцці і прызнанні.

2. Тут і цяпер.
Пасля 10 гадоў несупыннай «Санты-Барбары» ўсім стала раптам напляваць на радавод. Каго цяпер хвалюе, чыёй дачкой і ўнучкай з’яўляецца галоўная гераіня Кэры Брэндшо і колькасць яго каханкаў (адказ: іх — свет). Безумоўна, да гэтых зменаў у свядомасці глядацкай грамадскасці прыклаўся Біл Клінтан, які ў першым рэаліці-шоу сучаснасці, «Суд над прэзідэнтам», доўга муляўся ў сваіх прызнаннях пра інтымную сувязь з Монікай Левінскі. Але як толькі ён тое публічна зрабіў, усе адразу страцілі да яго і ягонага асабістага жыцця ўсялякую цікавасць: «Так, ён робіць гэта на працы, так, ён мае каханку, ну і што?!». Глеба для саладжавых сямейных драмаў, заснаваных на шкілетах у шафах і шматлікіх здрадах, была згубленая назаўжды.

Яшчэ адзін прыклад занядбання тэмы мінулага — серыял «Сябры». Чацвёра маладых людзей прыехалі заваяваць Мангэтэн. Але ніхто не ведае толкам, адкуль яны, хто іх бацькі. Галоўнае, што цяпер яны разам: ім добра, нам весела. І таму візіты іхніх бацькоў у халасцяцкія кватэры — не нагода для спадчынных разбораў і палкіх прызнанняў — адно прылада, як выкрыць слабыя бакі галоўных герояў. Візіт бацькоў — хутчэй выпрабаванне, якое трэба прамінуць. Бацькоў для серыялаў пачалі выбіраць камічнейшых. Прыгадаем бацьку Джорджа Кастэнзы ў серыяле «Сайнфелд» (яго грае бацька коміка Бэна Стылера). Пагадзіцеся, «пастаўляць» для 30-гадовых герояў 70-гадовых бацькоў, якія больш падобныя да іхніх дзядуляў, — не надта самавіты крок з боку рэжысёра.

3. Нью-Ёрк, Нью-Ёрк.
Перанос дзеяння з Заходняга ўзбярэжжа на Усходняе. З зацішна-заможных прадмесцяў Лос-Анжэлеса ў нью-ёркскі тлум. Цяпер героі жывуць у горадзе дзівакоў: безнадзейна аптымістычных актораў-пачаткоўцаў, непрызнаных геніяў. Тут усім пляваць, хто ты і як выглядаеш, а таксама з кім бавіш ночы — поўная свабода для персанажаў.

Мілыя няўдакі: «Сайнфeлд». Злева направа: Джэры Сайнфелд, Элейн Бэнес, Джордж Кастэнза, Космо Крамер
4. Самаіронія як зброя супраць несправядлівасцяў свету.
Няма ні адмоўных, ні станоўчых герояў, ні злыдня Мэйсана, ні падступнай Джыны. Супакойцеся, ніхто нікога не хоча атруціць, каб прысабечыць магнацкія мільёны! Вось да прыкладу, «Сябры»: паталагічны нешчаслівец Рос, мілы няўдаха-актор Джоўі, адвечная афіцыянтка з вялікім сэрцам Рэйчэл, нашто ім грошы — дайце ім спярша разабрацца са сваім жыццём!

Але варта заўважыць, што нягледзячы на ўвесь рэалізм новых серыялаў, рэалістычнага ў іх не дадалося. Гэта мы найперш пра «Сэкс у вялікім горадзе». Пошукі сэксуальнага шчасце на бясконцых спатканнях? Гледзішная няпраўда.

«Вой, ну, вядома гэта нерэальна, — амаль кожны вечар мая гераіня выхадзіць на спатканне і спіць с хлопцам, — кажа акторка Сінтыя Ніксан, якая грала ў серыяле ролю адвакаткі Міранды Гобс. — Вядома, што і я сама не такая і што я ўвогуле з цяжкасцю ўяўляю жанчыну з падобным ладам жыцця».

5. Каму патрэбна Папялушка? Ды нікому.
Сціплая змагарка на любоўным фронце, што ўсе гэтыя гады кахала аднаго чалавека, ды якая бавіць свае серыяльныя дзянькі ў прадчуванні шчаслівай развязкі цяпер без патрэбы. Цяжка дапусціць, што галоўную гераіню серыялу «Сайнфелд» Элейн Бенес (акторка Джулія Луіс-Дрэйфус): смяшлівую, дасціпную, але бязладную — чакаюць казачны прынц або такая ж кар’ера. Аўтары празрыста намякаюць, што зор яна з неба не ўхопіць. Таму ў серыялах націск на багатае падзеямі і смешкамі жыццё-быццё. Пагатоў ад жартаў Элейн трасуцца сцены студыі і тэлескрыні. Людзі перасталі саромецца быць адначасова разумнымі і неўладкаванымі, і па-ва-лі-ла!

П.С. А фільм «Сэкс у вялікім горадзе-2» не глядзіце, лепей вазьміце падборку некалькіх сезонаў серыялу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?