Матчам Паўднёва‑Афрыканскай Рэспублікі супраць Мексікі стартаваў 19‑ы чэмпіянат свету па футболе.

Матч адкрыцця праходзіў у Йаханесбургу. Перад пачаткам гульні да гледачоў звярнуліся прэзідэнт ФІФА Зэп Блатэр, а таксама прэзідэнт ПАР Джэйкаб Зума.

Стадыён быў запоўнены цалкам. Варта адзначыць, што ў Афрыцы цяпер зіма. І тэмпература там не перавышае 15‑18 градусаў. Запасныя гульцы сядзелі ў цёплых куртках, а ў некаторых фатографаў на руках былі пальчаткі.

Судзіць першы матч першынства даверылі міжнароднай узбецка‑кіргізскай камандзе арбітраў. І Раўшан Ірматаў, у прынцыпе, з сваёй задачай справіўся.

У першым тайме спрэчным быў момант, калі мексіканцы пасля падачы вуглавога забілі гол, але арбітр яго адмяніў. У той сітуацыі суддзя разабраўся правільна. Толькі адзін гулец ПАР быў бліжэй да варот, чым адрасат перадачы — гэта па‑за гульнёй.

У першым тайме мексіканцы мелі заўважную тэрытарыяльную перавагу, рэалізаваць яе так і не змаглі. Бліскуча ў некалькіх выпадках праявіў сябе варатар афрыканцаў Кхуне.

А вось у другой палове гульні зборныя нібыта памяняліся ролямі. У атаку ўжо пайшлі гадунцы бразьльскага трэнера ПАР Карласа Парэйры.

І на 55‑ай хвіліне старанні гаспадароў турніру былі ўзнагароджаныя. Сафіве Чабалала атрымаў цудоўную перадачу. Выйшаў адзін на адзін з брамнікам, і магутным ударам з левай сарваў павуцінку з дзевяткі мексіканцаў — 1:0.

Пасля гэтага афрыканская зборная выканала экзатычны танец на броўцы поля.

Мексіканцам трэба было адыгрывацца, але яны былі бліжэй да таго, каб прапусціць яшчэ раз. Некалькі разоў лацінаамерыканцам проста шанцавала.

Тым не менш, захаваць выйгрыш «Бафана‑Бафана» не змагла. За 11 хвілін да фінальнага свістка адзін з лідэраў мексіканцаў Рафаэль Маркес лік зраўняў — 1:1.

На апошніх хвілінах Мфела мог прынесці гаспадарам перамогу, але трапіў у штангу. Нічыя была заканамерным вынікам першага матчу турніру.

Вечарам а 21:30 падужаюцца Францыя і Уругвай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?