Віртуозная скрыпачка распавяла, чым ёй падабаецца баян, ці выканае калі‑небудзь «Паланез» Агінскага і чаму варта ўдзельнічаць у «Еўрабачанні».

«Сыграць дуэтам з прэзідэнтам было б крута!»

Чаго чакаць ад вашага канцэрту ў Мінску ў нядзелю?

Ванэса-Мэй: Я вельмі радая, што зноў сустрэнуся са сваімі фанатамі. Я буду выступаць са сваёй групай, а таксама з мясцовым аркестрам. Мы будзем граць сінглы і песні з розных альбомаў і часоў — з «The Violin Player»(1995), «Storm»(1997), «Subject to Change»(2001), а таксама з «Choreography»(2004), майго апошняга альбому. Ну і, як звычайна, я б хацела, каб гледачы трапілі ў сапраўдную прыгоду. Таму, незалежна ад таго, што я паказваю і ў якім дзесяцігоддзі гэта адбываецца, мой дэвіз — выклікаць у публікі розныя эмоцыі, уразіць яе гульнёй светлавых ценяў, а таксама рознымі стылямі — поп, рок, джаз, дэнс.

У Вас ужо быў канцэрт у Мінску ў 2002 годзе. Ці засталося што‑небудзь у памяці з мінулага візіту?

Ванэса-Мэй: Вядома. Праўда, гэта быў вельмі кароткі візіт, як звычайна. Але людзі былі вельмі мілыя і прыемныя, яны распавядалі мне гісторыю краіны. Але, шчыра кажучы, мне трэба асвяжыць свае ўспаміны, таму я вельмі чакаю наступнага візіту і ахвотна зноў паслухаю расповеды пра Мінск і пра Беларусь, як там жывецца. Да таго ж я вельмі люблю граць ужывую.

А нейкія гістарычныя месцы плануеце наведаць?

Ванэса-Мэй: Я прыязджаю толькі ў суботу, напярэдадні канцэрту, і з’язджаю ў панядзелак пасля шоў, але спадзяюся, што ў панядзелак раніцай у мяне будзе час разгледзецца навокал.

Беларускі прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка грае на баяне. А Вы б згадзіліся сыграць з ім дуэтам?

Ванэса-Мэй: Так, вядома, гэта было б вельмі весела. Мая мама грала на акардэоне і мне заўсёды падабалася на гэта глядзець. Таму калі б ваш прэзідэнт пагадзіўся, я б з задавальненнем нешта з ім сыграла. Гэта вельмі крута.

А ў Беларусі ў Вас ёсць знаёмыя, якіх вы асабіста запросіце на свой канцэрт?

Ванэса-Мэй: Магчыма, я пазнаёмлюся з кімсьці ў суботу і тады я дам ім квіткі на маё шоў. Але пакуль што я асабіста нікога не ведаю ў Беларусі.

А нейкіх беларускіх кампазітараў ведаеце? Напрыклад, Агінскага ці Манюшку?

Ванэса-Мэй: Шчыра кажучы, я не знаёмая з творчасцю беларускіх кампазітараў. Можа ў суботу ці ў панядзелак, калі ў мяне будзе вольны час, мне дадуць дыскі, запісы ці партытуры іх твораў — і тады, магчыма, на наступным канцэрце я сыграю нейкія лакальныя кампазіцыі.

«Я выбрала скрыпку, каб ні з кім не дзяліцца інструментам!»

У дзяцінстве Вы гралі на фартэпіяна і скрыпцы. Чаму ўсё ж такі выбралі скрыпку?

Ванэса-Мэй: Я пачынала з фартэпіяна, гэта праўда. Дарэчы, яшчэ адным абавязковым інструментам была блок‑флейта. Але для мяне скрыпка была такая прыгожая, а да таго ж яна была мая ўласная. Фартэпіяна не падабалася, таму што ў дзяцінстве я не хацела дзяліць інструмент з кімсьці іншым. Скрыпка была мая, я хавала яе ў свой кейс і магла нават спаць з ёй — і ніхто б да яе не дакрануўся. Таму такая вось эгаістычная прычына і паспрыяла таму, што я выбрала скрыпку, яшчэ нават не разумеючы яе патэнцыялу. Я таксама заўсёды хацела граць на гітары, а скрыпка да яе падобная, асабліва электрычная. Цяпер, калі я ўжо старэйшая, я шкадую, што закінула фартэпіяна, таму што гэта цудоўны інструмент. Для тых, хто піша песні, гэта вельмі добрая падстава.

А Вы калекцыянуеце скрыпкі?

Ванэса-Мэй: Насамрэч не. У мяне толькі адна класічная акустычная скрыпка. І гэта вельмі небяспечна, таму што ўжо некалькі разоў яе кралі, яна разбівалася, падала ў мяне. Многія лічаць, што лепш мець адну вельмі добрую скрыпку для спецыяльных акалічнасцяў і адну звычайную. Але для мяне кожнае шоў вельмі важнае, і я хачу граць яго на маёй першай скрыпцы, аднак у той жа час электрычных скрыпак у мяне некалькі, яны, як кажуць, замяняльныя.

А Вам хацелася б граць на скрыпцы ў рок‑гурце?

Ванэса-Мэй: Так, вядома. На маіх канцэртах за мной стаяць рок‑музыкі — гітарыст, басіст, барабаншчык, ёсць сінтэзатар і маленькі аркестр. Да таго ж мне мне вельмі пашчасціла мець такі досвед, як гонка «24 гадзіны Ле‑Ман», куды мяне запрасіла каманда Audi. Мне спадабалася і гонка, і машыны, але там таксама было шмат музыкаў — барабаншчык з гурта Pink Floyd, з гурта The feeling. Мы шмат размаўлялі пра музыку. Магчыма, калісьці я зраблю нешта новае з рок‑гуртом. Зараз, вядома, у мяне ёсць свой рэпертуар і свае музыкі, але паспрабаваць нешта новае было б вельмі цікава.

Што лепш: канцэртная дзейнасць ці праца ў студыі?

Ванэса-Мэй: Калі я была маладзейшая, я аддавала перавагу працы ў студыі, таму што тады ў цябе ёсць колькі заўгодна часу, каб удасканальваць сваё майстэрства, і я была гэтым захопленая. Цяпер я думаю, што трэба атрымліваць асалоду ад кожнага моманту. Таму зараз мне падабаецца выходзіць на сцэну і мець толькі адзін шанец нешта сыграць. Таму зараз я аддаю перавагу выступам ужывую.

«Я не ўмею гатаваць, але футбол гляджу з задавальненнем»

А як Вы бавіце свой вольны час? Чым захапляецеся?

Ванэса-Мэй: У мяне цяпер больш вольнага часу, і гэта добра. Калі я была падлеткам, то ўвесь час трэба было працаваць, працаваць і працаваць. А цяпер я жыву ў Швейцарыі, на гарналыжным курорце. Мне падабаюцца лыжы. Я пачала на іх катацца, калі мне было 4 гады, то бок тады, калі пачала граць на скрыпцы. Гэта таксама частка майго жыцця. Яшчэ ў мяне два сабакі. Таму летам, калі на лыжах не пакатаешся, я гуляю з імі па гарах — там так чыста! І мне вельмі там падабаецца: пасля шмат гадоў, праведзеных у Лондане, гэта — добрая перамена.

Гатую я не вельмі добра, у мяне няма адпаведнага таленту і жадання. А кніжкі зараз чытаю ў жанры фэнтэзі. Але мой густ вельмі разнастайны. Мне падабаюцца розныя рэчы. Я люблю паглядзець тэлевізар, зараз вось пачаўся чэмпіянат свету па футболе, таму нас чакаюць два цікавыя тыдні. Я ўжо глядзела матчы Германія — Аўстралія, Англія — Амерыка, потым Францыя — Уругвай. Гэта забава, таму людзям павінна быць весела. Але некаторыя занадта сур’ёзна ўсё ўспрымаюць.

Летась скрыпач Аляксандр Рыбак выйграў «Еўрабачанне». А чаму Вы не ўдзельнічаеце ў папулярных конкурсах?

Ванэса-Мэй: Я думаю, што конкурсы — гэта добра для пачаткоўцаў, калі цябе яшчэ не адкрылі. Але зараз, на тым этапе кар’еры, на якім я знаходжуся, было б дзіўна ўдзельнічаць у такіх конкурсах. А так увогуле мне здаецца, што ўсе конкурсы і рэаліці‑шоў — гэта добра. Шмат хто іх крытыкуе, але я — не. Калі ва ўмовах такога ціску іх удзельнікі дасягаюць наступных і наступных узроўняў, гэта значыць што яны гатовыя для сапраўднай кар’еры. А гэта вельмі добра; праўда, для мяне ўжо позна. Мабыць, гадоў 15 таму, калі я пачынала, было б варта.

Вам прыходзілася цяжка працаваць і шмат граць, каб дабіцца поспеху. А сваю дачку аддалі б у клас скрыпкі?

Ванэса-Мэй: Калі ў мяне будзе дачка, то я б хацела, каб яна займалася тым, што ёй спадабаецца. Але калі ў яе не будзе адпаведнага жадання ці таленту да музычных інструментаў, я не стану прымушаць. Я была б таксама радая, каб мае дзеці былі спартсменамі. Бацькі не павінны планаваць будучыню дзяцей, яны могуць толькі падтрымліваць іх і дапамагаць.

* * *

Шоу Ванэсы‑Мэй адбудзецца 20 чэрвеня ў мінскім Палацы спорту.

Дарэчы, стала вядома, што ў прыхільнікаў скрыпачкі з’явілася магчымасць атрымаць яе аўтограф, не прарываючыся праз ахову Палаца спорта і асабістых сек’юрыці. Дзя гэтага трэба набыць адзін з 50 «шчаслівых» білетаў коштам у 250 тысяч рублёў у офісе арганізатара. І, вядома ж, прыйсці 20 чэрвеня на шоу!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?