15 чэрвеня cавет рэспублікі нацыянальнага сходу ўхваліў законапраект «Аб амністыі ў сувязі з 65‑годзьдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941‑1945 гадоў».

У выніку амністыі можа быць вызвалена з папраўчых устаноў закрытага тыпу каля 2230 чалавек, з устаноў адкрытага тыпу — каля 900 чалавек, скарочаны тэрмін пакараньня 9300 асуджаным.

Паводле законапраекту, пад вызваленьне ад крымінальнай адказнасьці і пакараньня трапляюць наступныя катэгорыі асуджаных:

‑ непаўналетнія;
‑ цяжарныя жанчыны;
жанчыны і адзінокія мужчыны, якія маюць непаўналетніх дзяцей;
‑ асобы пэнсійнага ўзросту;
‑ інваліды;
‑ хворыя на актыўную форму сухотаў;
‑ ВІЧ‑інфікаваныя;
вэтэраны баявых дзеяньняў;
‑ удзельнікі ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС;
‑ асобы, якія атрымалі раненьні пры выкананьні абавязкаў у пэрыяд праходжаньня службы.

Амністыя не распаўсюджваецца на асобаў:

‑ да якіх раней ужываліся амністыя або памілаваньне і якія ізноў зьдзейсьнілі наўмыснае злачынства;
‑ якія не пакрылі нанесеную злачынствамі шкоду (за выключэньнем названай «ільготнай» катэгорыі асобаў),
‑ якія злосна парушаюць вызначаны парадак падчас адбываньня пакараньня;
‑ прызнаных асабліва небясьпечнымі рэцыдывістамі;
‑ асуджаных да пажыцьцёвага зьняволеньня;
‑ каму сьмяротнае пакараньне ці пажыцьцёвае зьняволеньне замененыя іншым пакараньнем;
‑ абвешчаных у вышук у сувязі з ухіленьнем ад адбываньня пакараньня;
‑ якія зьдзейсьнілі забойства, згвалтаваньне, разбой ці вымагальніцтва з кваліфікуючымі прыкметамі, а таксама бандытызм, тэрарызм, злачынствы супраць дзяржавы;
‑ якія стварылі злачынную арганізацыю, або ўдзельнічалі ў ёй, альбо ўчынілі карупцыйныя злачынствы з‑за карысьлівай зацікаўленасьці;
‑ прыцягнутых да крымінальнай адказнасьці за кіраваньне транспартным сродкам у стане ап’яненьня.

Гэта ўжо 11‑я па ліку амністыя, якая праводзіцца ў Беларусі.

Апошні раз амністыя ў Беларусі праводзілася ў 2009 годзе і была прымеркаваная да 65‑годзьдзя вызваленьня рэспублікі ад нямецка‑фашысцкіх захопнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?