У горадзе з 2008 году з’яўляюцца неафашысцкія надпісы. Міліцыя падазрае ў гэтым... маладафронтаўцаў, якія нібыта гуртуюцца на офісе былой «Вясны».

Зміцер Салаўёў з’яўляецца старшынём філіялу праваабарончага цэнтру «Вясна» у Наваполацку. На працягу 2008‑09 гадоў праваабаронца тройчы звяртаўся ў пракуратуру Наваполацку з патрабаваннем завесці крымінальную справу і знайсці фашыстаў, якія размалёўваюць горад. Адказам былі адпіскі аб адсутнасці складу крымінальнага злачынства ды немагчымасць выявіць асобы злачынцаў.

Пасля выбараў у мясцовыя саветы ўлады пачалі больш шчыльна займацца праблемаю. Была заведзена крымінальная справа па артыкулу 341 КК РБ — «Апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці». У з’яўленні свастыкі ды антысеміцкіх лозунгаў міліцыянты абвінавацілі «Малады фронт» і, кіруючыся ўласнай логікаю, правялі 30 красавіка вобшук на офісе былой «Вясны». Ператрус праводзіўся з санкцыі пракурора горада Анатоля Аўсюка і начальніка аддзела крымінальнага вышуку Наваполацкага ГАУС Карэнскага В.

У адказ на скаргу аб неабгрунтаваным ператрусе гарадскі пракурор А. Аўсюк зазначыў: «Па дадзенай справе быў дапытаны шэраг асобаў, адзін з іх паказаў, што каля двух гадоў таму пазнаёміўся з хлопцамі, якія прапанавалі стаць сябрам арганізацыі «Малады Фронт».
Офіс арганізацыі размяшчаўся па адрасе: г.Наваполацк, вул. Алімпійская, 2, — на першым паверсе, злева ад уваходу і ўяўляў сабой пакой, дзе стаялі некалькі сталоў, кампутар, розныя кнігі, сцягі розных дзяржаваў. Увосень 2009 г., па просьбе хлопцаў, ён намаляваў фашысцкую свастыку на сцяне офісу на вуліцы…»

На офісе наваполацкай «Вясны» ладзяцца культурніцкія імпрэзы, сустрэчы з грамадскімі дзеячамі. Да Змітра Салаўёва звяртаюцца людзі, якім неабходна праваабарончая ды юрыдычная дапамога. Сцены офісу насамрэч неаднаразова размалёўвалі неафашысты. Зараз у апаганьванні уласных сценаў абвінавачваюць уладальніка офісу.

«Відавочная правакацыя. Пішуць, нібы надпісы з’явіліся ўвосень 2009 г, а яны былі і раней, — каментуе падзеі Зміцер Салаўёў. — Не ведаю, што за правакатар казаў пра наш офіс — гэта іхнія праблемы.
Мы, вядома, нікога не накіроўвалі размалёўваць сцены. Хутчэй наадварот, неаднаразова звярталіся з просьбаю знайсці злачынцаў».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?