Сэкс, здаецца, — ён і ў Паўднёваафрыканскай Рэспубліцы сэкс. Усюды ён мае аднолькавую сутнасць і адпаведна праблемы, звязаныя з ім, па ўсім свеце мусяць быць ідэнтычныя. «Не і яшчэ раз не!», — запярэчыць гэтаму цверджанню беларускі сэксолаг.

На Неафіцыйным сайце сэксолагаў Мінска, пляцоўцы для сустрэчы айчынных любошчаведаў, на выпадках з практыкі папулярна даводзіцца, што ў справе полавых праблемаў прысутнічае і чыста беларуская спецыфіка. Такім парадкам, найбольш дзіўныя, выбачайце, аўтэнтычныя просьбы на прыёме ў беларускага сэксолага.

Першая ў нашым спісе — жанчына, якая прыйшла на прыём да сэксолага з нагоды мужа і папрасіла даць таблетак — а цяпер увага — ДЛЯ ІМПАТЭНЦЫІ. Аргументацыя досыць пераканаўчая — «каб гэты залётнік не валачыўся за іншымі». Трэба, маўляў, шаноўны спадар сэксолаг, выратаваць і абараніць сям'ю. Ну, што тут сказаць— хіба што нічога.

З просьбай таблетак для, а не супраць, імпатэнцыі ёсць і дужа падобны выпадак. Хіба ўжо галоўным інтарэсантам у ім фігуруе паджылая кабета, маці дарослага сына. І аргументацыя крыху іншая: «Гаротная нявестка не вытрымлівае сынавых дакучанняў». Пытанню сэксолага, якая частата сэксуальных кантактаў паміж яе сынам і нявесткай, клапатлівая свякруха рады не дала, бо была злёгку не ў курсе. Адказам сэксолага было цвёрдае «не», бо цалкам верагодна, што такіх кантактаў не было ўвогуле. І цалкам верагодна, што сын толькі тое і рабіў, што сэксуальна дакучаў, не атрымліваючы нічога наўзамен.

У гэтых двух выпадках беларускага сэксолага найбольш уражвае гаротнасць лёсу беларускіх мужчын, якія нават не здагадваюцца, якія жарсці віруюць за іх спінамі і якія жудасныя пагрозы лунаюць над іхнімі галовамі.

Аднак некаторыя беларускія мужыны здзіўляюць самі. Гэта мы высветлілі з наступных просьбаў. На прыёмах у беларускага сэксолага перыядычна пракідваюцца ўпрошванні выдаць бальнічны з прычыны полавай нямогласці (імпатэнцыі). Тое асабліва цікава, калі ведаць, што бальнічны ліст — гэта канстатацыя факту часовай непрацаздольнасці. Беларускі сэксолаг цалкам дапускае, што такі бальнічны ліст мае права на існаванне, але не раней за той час, калі ў Рэспубліцы Беларусь легалізуюць прастытуцыю і порнабізнэс. І менавіта тады імпатэнцыя зробіцца дастатковай прычынай для непрыходу на працоўнае месца. А пакуль што, шчыра перапрашаем, катэгарычнае «не».

Узначальвае наш топ-4 найбольш дзіўных просьбаў на прыёме ў беларускага сэксолага просьба выпісаць віягру… якім чынам бы вы думалі? Слушна, па ільгоце!!! Адпаведна, за 10 адсоткаў ад поўнага кошту прэпарату або ўвогуле задарма. І крыўдуюць жа пацыенты, пачуўшы ад беларускага сэксолага сталёвае «не». Больш абгрунтаваная адмова? Калі ласка. Гэты выдатны сродак не ўваходзіць у пералік жыццёва неабходных прэпаратаў (менавіта гэтак называецца той ільготны спіс). Хаця, як дадае беларусі сэксолаг, як паглядзець: любошчы падаўжаюць жыццё мужчыны, і, адпаведна, медыкаментознае наладжванне гэтай функцыі арганізму можна лічыць жыццёва неабходным.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру