Кітай разглядае магчымасць прадастаўлення Беларусі крэдыту ў памеры $15 млрд. Пра гэта паведаміў у пятніцу старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Зянон Ломаць,
які з’яўляецца сустаршынём беларуска‑кітайскай камісіі па гандлёва‑эканамічным супрацоўніцтве, на сустрэчы з афіцыйнай дэлегацыяй Пекіна на чале з мэрам Го Цзыньлунам. Перамовы прайшлі ў Мінгарвыканкаме з удзелам в.а. старшыні гарвыканкама Мікалая Ладуцькі.
«Па дамоўленасці на ўзроўні кіраўнікоў дзвюх краін сёння разглядаецца пытанне рэалізацыі больш за $15 млрд крэдыту, які дасць Кітай,
у тым ліку $1 млрд — на льготных умовах»,
— сказаў Зянон Ломаць, удакладніўшы, што рашэнне аб пераліку інвестыцыйных праектаў пад гэтыя крэдыты плануецца прыняць у бліжэйшы час.
У той жа час, па яго словах, на разглядзе ва ўрадзе Беларусі знаходзіцца больш за 100 інвестпраектаў. І ў кітайскіх бізнесменаў ёсць магчымасць паўдзельнічаць у іх.
Варта адзначыць, што Кітай дае крэдыты на вельмі жорсткіх умовах, якія прывязваюць эканоміку краіны, якую крэдытуюць, да кітайскай прадукцыі. Таму ўсе ранейшыя дамоўленасці з Кітаем не спрацоўвалі. Напрыклад, дамова «своп», якая мела перавесці двухбаковы гандаль на рублі і юані, не мела практычнай карысці менавіта з гэтых прычын.