Злодзей пры затрыманні называўся імем іншага чалавека. Гэта каштавала абылганаму чалавеку жыцця. Пасля допыту ў Ленінскім РУУС мінчука знайшлі мёртвым. А зладзюга працягвае красці.

Газета «Народная воля» надрукавала ліст мінчукоў Міхаіла і Святланы Аксяневіч. Іх сын загінуў праз нядбайнасць судоў і міліцыі. Ды што там нядбайнасць — бацькі падазраюць, што прычынай смерці Аляксея стала катаванне ў адным з райаддзелаў.

Усякае мы бачылі, працуючы ў незалежнай газеце. Але гэтая гісторыя проста дзікая. Старшыня Вярхоўнага суда Алег Сукала і міністр унутраных спраў Анатоль Куляшоў павінны як мінімум дружна падаць у адстаўку. Таму што тое, што адбылося з сям’ёй мінчукоў Аксяневіч выклікае нават не абурэнне, а жах. Проста жах!

... Нехта Я.А. Гіль, які пражывае ў Мінску, калі яго затрымлівалі за дробны крадзеж, неаднаразова (са жніўня 2007 г.) называўся імем нашага сына. Міліцыя складала пратакол аб спробе крадзяжу, затрыманы заўсёды сваю віну прызнаваў, раскайваўся, абяцаў выплаціць штраф паводле суду і... адпускаўся міліцыяй. А далей раённыя суды Мінска, не выклікаючы на суд нашага сына, не звяртаючы ўвагі, што затрыманы на фота і наш сын, мякка кажучы, не падобныя, хутка прыгаворвалі Аляксея да штрафу і высылалі пастановы на наш хатні адрас.

Восем разоў нашаму сыну прыходзілася ў судах усіх раёнаў г.Мінска даказваць сваю невінаватасць праз нядобрасумленнае выкананне сваіх абавязкаў супрацоўнікамі міліцыі і суддзямі.
Больш за тое, Савецкім РУУС г. Мінска ў снежні 2008 года было ўстаноўлена, што Я.А. Гіль, які пражывае ў г.Мінску (вядомыя і месца пражывання, і дата нараджэння), сістэматычна здзяйсняючы правапарушэнні, прадстаўляецца супрацоўнікам міліцыі імем нашага сына. Але і пасля гэтага дадзены грамадзянін працягвае спакойна красці, а суды — дасылаць нам штрафы.
Такія пастановы судоў былі адмененыя і справы спыненыя пасля разгляду касацыйных скаргаў.
За разгляд скаргаў неабходна плаціць дзяржаўнае мыта. І хоць наш сын, з’яўляючыся невінаватым і інвалідам 2-й групы, згодна Падатковага кодэкса вызваляецца ад выплаты мыта, адзін з суддзяў Першамайскага раёна ўсё ж такі застаўся непарушным, і 70.000 рублёў дзяржмыта нам давялося плаціць. Вось такая ў нас «аднастайнасць» законаў. Акрамя таго,
не ўсе суды пасля адмены судовых пастановаў адклікалі з Адзінага банка дадзеных звесткі аб прававых парушэннях, у якіх незаконна абвінавацілі Аляксея.
Хіба гэта нармальна, што невінаваты чалавек значыцца ў базе даных правапарушальнікаў?

І вось вечарам 22 сакавіка 2010 г. у гадзіну пік наш сын Аляксей на станцыі метро «Кастрычніцкая» ў выніку сутыкнення з хуліганамі атрымаў траўму — вывіх пляча. Звярнуўся за дапамогай да дзяжурнага міліцыянта. Была выклікана «хуткая дапамога», выпраўлены вывіх, але сына дадому не адпусцілі, хаця афіцыйна і не затрымлівалі. Прыбылі дазнавацелі, якія павезлі Аляксея ў Ленінскі РУУС па адрасе Веласіпедны завулак, 9. Па мабільным тэлефоне наш сын адказваў да гадзіны ночы 23 сакавіка 2010 г. Апошняе, што ён сказаў, што яго чамусьці не адпускаюць і пакінуць да раніцы. З раздрукоўкі, зробленай супрацоўнікамі міліцыі з Адзінага банка дадзеных аб правапарушэннях у 01.05 гадзін 23 сакавіка 2010 г., зразумела, што

ўначы працягвалася дазнанне, бо «база» выдала звесткі аб адміністрацыйных правапарушэннях, якія ганьбяць імя нашага сына.
Тыя самыя правапарушэнні, якія здзейсніў іншы грамадзянін і якія ў дачыненні да нашага сына былі даўно скасаваныя, але не былі выдаленыя з базы дадзеных міліцыі.

Што было далей, нам не вядома. Але

Аляксей быў знойдзены без прытомнасці ў 6.00 на пляцоўцы 7-га паверха жылога дома па вул.Гараўца побач з Ленінскім РУУС. Праз тры дні ён памёр,
не прыходзячы ў прытомнасць, ад шматлікіх пераломаў зводу і асновы чэрапу, удараў доляў мозгу цяжкай ступені. Косці цеменна-лобна-скроневай вобласці чэрапа былі цалкам раздробленая.

Пракуратура Ленінскага раёна ў асобе памочніка пракурора А. І. Сватко адмовіла нам у завядзенні крымінальнай справы па факце смерці нашага сына. Патлумачыўшы гэта тым, што ён мог сам упасці шмат-шмат разоў і разбіць галаву з усіх бакоў на дробныя аскепкі, тым самым атрымаць закрытую чэрапна-мазгавую траўму, пры гэтым не запэцкаўшы і не пашкодзіўшы адзення. Да таго ж, ніхто не прыйшоў і не прызнаўся ў тым, што вінаваты ў смерці нашага сына.

Хаця нам, бацькам, супрацоўнік міліцыі, які не назваў сябе, сказаў па тэлефоне, што нашага сына «збіла міліцыя».

Вось і адкажыце на пытанне: хто вінаваты і што рабіць?

Але нават «мёртвае алібі» не ратуе нашага сына ад самавольства чыноўнікаў. Прыйшла... дзевятая (!) пастанова з суда Ленінскага раёна г.Мінска. Суддзя М. І. Хома абвінавачвае Аляксея ў няўдалай спробе крадзяжу з магазіна «Палессе» 17 мая 2010 і дае яму штраф у памеры 1.050.000 рублёў.
Адказваем: наш сын памёр 26 сакавіка 2010 года. Можа быць, суддзя М. Хома растлумачыць, як Аляксей, будучы ўжо мёртвым, мог абакрасці краму? І што гэта за «справядлівы суд», які штрафуе чалавека, які памёр за два месяцы да здзейсненага злачынства?

Злодзей крадзе, міліцыя хутка афармляе справу, суд хутка прызначае штрафы. Усе пры справе, усе працуюць. Не працуе толькі закон.

А мы, бацькі Аляксея, са смуткам і горыччу просім суддзяў надалей слаць свае пастановы на іншы адрас: Міханавіцкія могілкі, участак №140.

Міхаіл Фёдаравіч і Святлана Барысаўна Аксяневіч

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру