Славенцы добра пачалі гульню. Вальтэр Бірса ўжо на трынаццатай хвіліне адкрыў лік. Славенец пабачыў, што галкіпер амерыканцаў Говард далёка выйшаў з варот, чым і скарыстаўся, перакінуўшы яго.
«Зорна‑паласатыя» пайшлі вялікімі сіламі наперад, але атрымалі яшчэ адзін гол у сваю браму. Златан Любіянкіч падвоіў лік перад свістком на перапынак.
Перамога дазволіла б Славеніі стаць першай зборнай, якая трапіла ў 1/8 фінала, але амерыканцы прадэманстравалі свой дух.
Спачатку лідэр ЗША Лэндан Донаван расстраляў з блізкай адлегласці Саміра Ханданавіча. А за восем хвілін да фінальнага свістка сын галоўнага трэнера амерыканцаў Майкл Брэдлі раўнавагу аднавіў — 2:2.
Амерыканцы забілі яшчэ адзін гол, але малійскі суддзя спрэчна яго не залічыў.
Цяпер у групе наступнае становішча: Славенія — 4 пункты (2 гульні), ЗША — 2 (2), Англія — 1 (1), Алжыр — 0 (0).
Нічыя значна пагаршае шанцы славенцаў на выхад у плэй‑оф.
А 21:30 гуляюць Англія і Алжыр.
Ёванавіч забіў пераможны гол.
Нечаканы вынік прынесла гульня зборных Сербіі і Нямеччыны. Балканская каманда атрымала мінімальную перамогу.
Пачатак матчу нічым асаблівым не запомніўся. Хіба што іспанскі арбітр Мальенка даваў папярэджанні і тым, і тым. Немцам у гэтым плане пашанцавала меней. Ужо на 37‑ай хвіліне гульні за другую жоўтую картку быў выдалены форвард Германіі Міраслаў Клозэ.
А праз хвіліну лік у гульні быў адкрыты. Ёванавіч лепш за астатніх зарыентаваўся ў штрафной Нямеччыны, і проста расстраляў Мануэля Ноера.
Каманда Яхіма Лёва кінулася і шанцы былі. У пачатку другога тайма Лукаш Падольскі запароў некалькі верных момантаў. А потым на дапамогу Германіі прыйшоў сербскі абаронца.
Неманья Відзіч у абсалютна бяскрыўднай сітуацыі сыграў рукой у сваёй штрафной. Суддзя быў бязлітасны — пенальці. Біць яго выклікаўся ўсё той жа Падольскі.
Але яму ў гэты вечар катастрафічна не шанцавала. Уладзімір Стойкавіч адбіў адзінаццаціметровы. Ён сапраўдны герой гэтага паядынку.
У канцы сустрэчы сербы былі бліжэйшымі да таго, каб зрабіць лік большым, чым немцы, каб адыграцца.
Цяпер у групе D наступная сітуацыя: Гана — 3 пункты (1 гульня), Нямеччына, Сербія — 3 пункты (2 гульні), Аўстралія — 0 (1).





